АБСЕ: Больш за 20 машын з “грузам 200” перасеклі украіна-расійскую мяжу
Назіральнікі ад АБСЕ сведчаць, што цягам года зафіксавалі 21 труну, што перавозілі праз мяжу.
Кіраўнік місіі АБСЕ ў Растоўскай вобласці Поль Пікар паведаміў, што супрацоўнікі місіі цягам года зафіксавалі больш за 20 машын, якія перавозілі “груз 200” праз расійска-ўкраінскую мяжу.
“Аўтамабілі з “грузам 200” праязджаюць праз мяжу праз пункты пропуску “Данецк” і “Гукава”. Труны знаходзіліся ў аўтамабілях тыпу “Газэль”. Усяго (са жніўня мінулага года) бачылі 21 труну, што перавозілі праз мяжу” — сказаў Пікар.
Паводле яго слоў, “Газэлі” з трунамі праязджалі, як у бок Расіі, так і ў бок Украіны.
Усяго за год праз расійска-ўкраінскую мяжу прайшлі 1640 грузавікоў, аднак, па словах прадстаўніка АБСЕ, большасць грузавікоў, якія перасякаюць расійска-ўкраінскую мяжу, зачыненыя, і назіральнікі не могуць даведацца, што яны перавозяць.
Таксама, як падкрэсліў Поль Пікар, назіральнікі працуюць толькі на прапускным пункце “Данецк”, у той час як частка грузавікоў са складу канвояў праходзіць праз іншыя пункты пропуску ў Растоўскай вобласці, паведамляе расійская служба ВВС.
Раней маніторынгавая місія АБСЕ на ўсходзе Украіны ў сваім дакладзе адзначала пра прысутнасць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі. Аднак у Крамлі тады заявілі, што сумняваюцца ў праўдзівасці дадзеных і заявілі аб неабходнасці праверкі паведамленняў місіі АБСЕ.
Расія і раней неаднаразова адмаўляла свой удзел у канфлікце на ўсходзе Украіны і наяўнасць сваіх вайскоўцаў на тэрыторыі суседняй краіны.
Фота: getty image, osce.org