Якія абяцанні Лукашэнкі з 2015 года разбіліся аб рэальнасць

Галасаванне на выбарчым участку / Еўрарадыё
Галасаванне на выбарчым участку / Еўрарадыё

У 2015 годзе кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка апублікаваў сваю перадвыбарчую праграму. Яна называлася "За будучыню незалежнай Беларусі". Прайшло амаль пяць гадоў, і не за гарамі новыя выбары. А значыць, самы час азірнуцца і паглядзець, якія абяцанні Лукашэнка выканаў, а якія не.

Частка другая — развітое грамадства і справядлівая дзяржава.

 

Адкрытасць глабальнаму свету і пабудова эканомікі ведаў

Чаканне: "Удасканаленне сістэмы гарантый для міжнародных інвестараў на аснове найлепшай сусветнай практыкі".

Рэальнасць: +-. У 2019-м замежныя інвестары ўклалі $10 млрд у рэальны сектар эканомікі. Больш за ўсё грошай прыйшло з Расіі (45,1%), Вялікабрытаніі (18%) і Кіпра (7,6%). Гэты набор топ-інвестараў паўтараецца з году ў год. Аналітыкі лічаць, што большая частка гэтых грошай мае беларускае паходжанне — гэта частка выведзеных з Беларусі капіталаў. Рэч у тым, што інвеставаць у нашу эканоміку з-за мяжы больш выгадна, чым з самой краіны.

Чаканне: "Фармаванне Беларусі як найбуйнейшага рэгіянальнага лагістычнага цэнтра".

Рэальнасць: +-. У 2015-м экспарт транспартных паслуг складаў 2,9 млрд долараў ЗША, а ў 2019 годзе — 3,7 млрд долараў. Але па індэксе якасці лагістыкі Беларусь займае 110-е месца.

Чаканне: "Уваходжанне Беларусі ў лік найбольш развітых краін свету ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій".

Рэальнасць: +-. У 2018 годзе Беларусь увайшла ў топ-40 краін у рэйтынгу ААН па ўзроўні развіцця электроннага ўрада. Зрэшты, здаецца, ніхто з нас гэтага не адчуў, і, напрыклад, прагаласаваць на выбарах з дапамогай электроннага лічбавага подпісу па-ранейшаму немагчыма. Але затое ў 2020 годзе ў краіне робіцца першы званок па сетцы 5G ва ўсім СНД.

Какие обещания Лукашенко из 2015 года разбились о реальность
5G-тэст на выставе TIBO-2019 / Еўрарадыё

Чаканне: "Удасканаленне нацыянальнай сістэмы адукацыі".

Рэальнасць: -. У 2019 годзе міністру адукацыі была абвешчана вымова — але не за ўшчамленне акадэмічных свабод і не за тое, што ўніверсітэты не адпавядаюць патрабаванням Балонскага працэсу, а праз трагедыю ў Стоўбцах, дзе школьнік з нажом напаў на настаўніка і вучняў. Былі скасаваны ўступныя іспыты ў гімназіі — цяпер туды бяруць па месцы рэгістрацыі. Скарачаецца колькасць школ, у якіх дзеці вучацца па-беларуску. А каб стварыць беларускамоўную групу ў дзіцячым садку, бацькі вымушаныя аб'ядноўвацца і звозіць дзяцей з розных канцоў горада.

Чаканне: "Шырокае ўкараненне ў сістэме адукацыі сучасных электронных сродкаў навучання".

Рэальнасць: -. Летась пасля некалькіх скандалаў у школах забаранілі выкарыстоўваць смартфоны. Эксперыменты па выкарыстанні планшэтаў у навучальным працэсе не пайшлі ў масы. А сістэму дыстанцыйнай адукацыі ў разгар пандэміі каранавіруса разгарнуць не змаглі.

Чаканне: "Развіццё высакахуткаснага інтэрнэту, укараненне перадавых стандартаў мабільнай сувязі 4G і 5G".

Рэальнасць: +. Інтэрнэт паступова прыходзіць у вёскі. Пра тэставанне 5G-зон ужо пісалі вышэй, 4G-пакрыццё было разгорнута ў 2016 годзе і развіваецца.

Чаканне: "Стварэнне ўмоў, пры якіх інавацыйныя расходы, уключаючы прыватныя інвестыцыі, дасягнуць узроўню 1,5 працэнта ВУП у год".

Рэальнасць: -. Навукаёмістасць ВУП у 2018 годзе складала 0,61% — больш свежых звестак пакуль што няма.

Чаканне: "Заканадаўчае замацаванне перадачы дзяржавай правоў інтэлектуальнай уласнасці навукоўцам на створаныя імі распрацоўкі".

Рэальнасць: праверыць, ці змянілася нешта ў гэтым кірунку за пяць гадоў, не ўдалося.

Какие обещания Лукашенко из 2015 года разбились о реальность
Пятая канферэнцыя Venture Day Minsk / Еўрарадыё

Чаканне: "Стварэнне паўнавартаснай венчурнай індустрыі".

Рэальнасць: +-. Пасля падпісання дэкрэта "Аб развіцці лічбавай эканомікі" намеціліся зрухі. Слова "венчурны" стала часцей мільгаць у навінах, у Мінску праводзіцца канферэнцыя Venture Day, пачалі работу некалькі фондаў, якія называюць сябе венчурнымі. Але беларускія IT-кампаніі па-ранейшаму лічаць за лепшае структураваць здзелкі за мяжой.

 

Салідарнасць і справядлівасць

Чаканне: "Далейшае развіццё аховы здароўя. У наступнай пяцігодцы наша медыцына па ўсіх параметрах стане ў адзін шэраг з медыцынай развітых дзяржаў".

Рэальнасць: -. Далейшае развіццё, безумоўна, назіралася, але гэта вельмі размытае паняцце. Факт у тым, што Беларусь заняла 108-ы радок амаль з двухсот у Глабальным рэйтынгу бяспекі здароўя (Global Health Security Index). З каранавірусам нашы медыкі змагаліся адважна, але, хутчэй, насуперак, а не дзякуючы сістэме. Асабліва спачатку.

Чаканне: "Захаванне даступнасці якаснай медыцыны і адукацыі для кожнага грамадзяніна Беларусі".

Рэальнасць: -. У 2015-м колькасць бальнічных арганізацый па звестках Белстата — 640. У 2018-м — 612. Чэргі ў паліклініках нікуды не зніклі. Так што "захаванне" дасягнута, але хацелася б паляпшэння і развіцця.

Чаканне: "Удасканаленне сістэмы адраснай сацыяльнай дапамогі грамадзянам і сем'ям, якія жывуць у нястачы".

Рэальнасць: +-. У 2015 годзе атрымальнікамі дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі былі 251,2 тысячы чалавек, у 2019 годзе — 294,9 тысячы. Вось бы яшчэ памер гэтай дапамогі павялічыць…

Чаканне: "Далейшае развіццё ўсіх дзейных праграм падтрымкі моладзі".

Рэальнасць: +. У 2015-м са спецыяльнага фонду на падтрымку таленавітай моладзі было накіравана 600 тысяч беларускіх рублёў. У 2020 годзе — 710 тысяч. Так што праграмы, увогуле кажучы, развіваюцца.

Чаканне: "Стварэнне сучаснай сістэмы даступнага іпатэчнага крэдытавання. У кожнай беларускай сям'і, якая рэальна мае патрэбу ў новым жыллі, будзе магчымасць пабудаваць сабе дом або кватэру".

Рэальнасць: -. У траўні 2020-га крэдыты на жыллё выдаюць толькі чатыры банкі. Ва ўсіх астатніх "крэдытаванне на фінансаванне нерухомасці прыпынена" без тлумачэння прычын. Указ аб іпатэчным крэдытаванні падпісаны толькі ў красавіку 2020 года. Цалкам ён уступіць у сілу толькі ў кастрычніку.

Чаканне: "Захаванне і развіццё ўсіх дзяржаўных праграм па абароне і падтрымцы пажылых людзей, інвалідаў, мацярынства і дзяцінства, шматдзетных сем'яў".

Рэальнасць: +-. Апошнія некалькі гадоў у Беларусі расце пенсійны ўзрост. Дзякуючы невялікай змене ў заканадаўстве дзяржава зняла з сябе абавязак утрымліваць сярэднюю пенсію па ўзросце на ўзроўні 40% ад сярэдняй зарплаты. Мацярынскі капітал з 1 студзеня 2020 года пачалі налічваць у беларускіх рублях — 22,5 тысячы за нараджэнне трэцяга і наступных дзяцей. У сакавіку курс рубля хіснуўся, і выплата ўпала ніжэй за $10 тысяч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі