АГП паўдзельнічае ў парламенцкай кампаніі 2016 года

АГП паўдзельнічае ў парламенцкай кампаніі 2016 года

Аб'яднаная грамадзянская партыя возьме ўдзел у парламенцкай кампаніі 2016 года з прынцыповых меркаванняў. Пра гэта 14 студзеня заявіў старшыня партыі Анатоль Лябедзька. Паводле яго слоў, АГП удзельнічае ва ўсіх выбарчых кампаніях і "гэта прынцыповая пазіцыя". Пры гэтым партыя распрацоўвае "свой сцэнарый удзелу ў выбарах" і не збіраецца гуляць "па правілах улады".

На думку Анатоля Лябедзькі, ніякай новай стратэгіі ўдзелу ў выбарчых кампаніях, у тым ліку ў парламенцкіх выбарах 2016 года, прыдумваць не трэба. "Нічога новага, галоўнае — паслядоўнасць, прынцыповасць, пераемнасць", — лічыць палітык. АГП, паводле яго слоў, пойдзе на парламенцкія выбары з тым жа пасланнем, што і на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, — з праграмай "Мільён новых працоўных месцаў".

Адной з задач удзелу ў парламенцкай кампаніі Лябедзька назваў недапушчэнне легітымацыі яе вынікаў. Таму будуць збірацца доказы, што ў нашай краіне "няма сумленных і свабодных выбараў".

АГП склала пералік з 55 прадстаўнікоў партыі, якіх прапаноўвае ўнесці ў адзіны спіс кандыдатаў ад правацэнтрысцкай кааліцыі. Акрамя гэтай партыі туды ўваходзяць рух "За Свабоду" і аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", паведамляе БелаПАН.

Дакладная дата парламенцкіх выбараў у Беларусі павінна быць вызначаная не пазней за 10 чэрвеня, крайні тэрмін іх правядзення — 11 верасня 2016 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі