Агучаны прысуд службовым асобам "Гормалзавода № 2" за хабары
Намеснік дырэктара атрымала 6 гадоў пазбаўлення волі, галоўны бухгалтар — 3 гады абмежавання волі.
Суд Заводскага раёна Мінска вынес прысуд па справе службовых асобаў "Гормалзавода № 2". Іх прызналі вінаватымі ў атрыманні хабараў.
Агенцтва "Мінск-навіны" нагадвае, што намеснік дырэктара па эканамічных пытаннях была затрыманая за атрыманне хабараў у пачатку 2015-га. Высветлілася, што ў 2007-2013 гадах яна неаднаразова карысталася сваім службовым становішчам, прымала незаконныя грашовыя ўзнагароджванні ад прадстаўнікоў сельгаспрадпрыемства. Агулам намеснік дырэктара атрымала 22 200 долараў (падчас ператрусу ў яе кватэры знайшлі 63 100 долараў). Галоўная бухгалтарка, якая ёй дапамагала, атрымала хабараў на суму 2 700 долараў.
Суд пакараў намесніка дырэктара прадпрыемства 6 гадамі пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю. Знойдзеныя больш за 63 тысячы долараў канфіскаваныя ў прыбытак дзяржавы. Галоўная бухгалтарка атрымала абмежаванне волі на 3 гады без накіравання ва ўстанову адчыненага тыпу з пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю тэрмінам на 3 гады.
Фота: Fotolia