Аквамарынавы аншлаг "J:морс" (фота)

25-га красавіка ў к/з «Мінск» гурт "J:морс" зладзіў прэзентацыю альбома «Аквамарин» і адыграў аншлагавы канцэрт. Распачаўся канцэрт вельмі загадкава – поўная цемра ў зале, гітарнае сола і голас Уладзіміра Пугача з песняй «№1», якая і адкрывае плыту «Аквамарин». За ёй, як і на плытцы, музыкі выканалі гучную гітарную «Невидима и свободна».




Ужо ў першай палове канцэрту, дзе дамініравалі новыя песні, некаторыя гледачы ўздымаліся і пачыналі танцаваць, але пільная ахова карэктна саджала на месцы ці адводзіла танцаваць збоку ад сцэны. У другой жа палове, калі загучалі ў асноўным вядомыя хіты, гледачы ўзняліся ўсе разам і няспынна танчылі ўжо да самага канца. 




Нельга не адзначыць новае гучанне гурта "J:морс" – больш жорсткае, «рокавае», абвостранае. Гэта асабліва бачна на новых песнях “Падай”, “Жаркое лето”, “Не здавайся”. Больш яскрава загучалі і старыя хіты – “Апрель”, «Web-дизайн». Прычым важнай часткай “новых” “морсаў” стала выдатная ігра новага гітарыста Паўла Трацяка, які, мяркуючы па ўсім, ужо стаў арганічнай часткай калектыву. 





У сярэдзіне канцэрта ўсіх прысутных чакаў сюрпрыз – бубнач гурта Аляксей Хайчук , які сам піша песні ўжо больш за 2 гады, выканаў аўтарскую кампазіцыю «Лунный загар»



Пасля выступу, Аляксей распавёў Еўрарадыё, што хоць і мае даволі добры досвед выступу на сцэне ў якасці бубнача, спяваць перад поўнай залай зусім невядомую слухачам песню было страшна.  

Аляксей Хайчук: «Песню я напісаў два з паловай тыдні таму за 5 хвілін. Гэта ўвогуле першы раз у жыцці, калі я спяваў на такой вялікай пляцоўцы і перад аўдыторыяй больш за тысячу чалавек. Таму мне было вельмі цяжка».



Да таго ж Аляксей Хайчук патлумачыў, што мае многа ўласнага песеннага матэрыяла, але большасць твораў выбіваецца са стылістыкі і агульнага накірунку гурта "J:морс".  

Аляксей Хайчук: «Песня «Лунный загар», як нам усім падалося, атрымалася ў кантэксте гурта і самога канцэрта. Мы вырашылі яе выканаць за 2 дні да выступу, калі шукалі песню для сярэдзіны канцэрту. Я задаволены і спадзяюся, што песня людзям спадабалася».






Мінскі канцэрт "J:морс" адбыўся ў межах тура па Беларусі ў падтрымку плыты «Аквамарин», які завяршыўся 26-га красавіка канцэртам у Гомелі. Да гэтага часу музыканты апошні раз «гастралявалі» вясной мінулага года з альбомам «Адлегласць». Лідэр гурта "J:морс" Уладзімір Пугач распавёў Еўрарадыё пра тое, як іх прымалі ў рэгіёнах: 

Уладзімір Пугач: «Адчуванні спрыяльныя, таму што тура па Беларусі  ў нас не было ўжо год. І калі з перапынкам ў год прыязджаеш у горад, кожны раз не ведаеш, чаго чакаць. У некаторых месцах мы пабывалі ўвогуле ўпершыню, напрыклад, у Слоніме. Асабліва задаволеныя канцэртам, таму што зусім не ведалі, што ад гэтай публікі чакаць. А людзі ўзялі і прыйшлі на канцэрт, ды яшчэ і спявалі з намі. Гэта заўжды прыемна! Навошта ездзіць на канцэрты? Кайф лавіць! Мы яго злавілі»





Са словаў музыкантаў "J:морс" канцэрт у Мінску ім таксама спадабаўся, нягледзячы на тое, што апошнія два з паловай гады гурт выступаў толькі ў клубах і магчымасці канцэртнай залы «Мінск» не зусім адпавядалі пажаданням. Гэтым разам "J:морс" паспрабавалі сумясціць сваіх прыхільнікаў, якія любяць патанчыць, з тымі, што аддаюць перавагу канцэрту «у крэслах». Здаецца, у гурта ўсё атрымалася! 




«У нейкі момант уся тая публіка, якая ходзіць на нашы канцэрты толькі ў залы, але не ў клубы, пачала прад'яўляць нам прэтэнзіі з тым, што мы іх ігнаруем» - працягвае думку Уладзімір Пугач. - «Таму гэтым разам мы вырашылі адмовіцца ад ідэі клубнага канцэрту».





Сам канцэрт атрымаўся сапраўды веснавым і светлым. «Які ўсё ж такі меладычны і інтэлігентны рок» - падумалася мне напрыканцы канцэрту, пакуль музыканты тройчы выходзілі на «біс».



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі