Алесін: у 2018 годзе ад продажу зброі атрымаем 1,3-1,5 мільярда долараў
Фота Еўрарадыё
У гэтым годзе наша краіна нагандлявала зброяй на мільярд долараў і ўвайшла ў топ-18 краін, самых буйных экспарцёраў зброі. Адкуль такая сума, якой ваеннай тэхнікай гандлюе Беларусь і наколькі наша зброя канкурэнтаздольная, Еўрарадыё запыталася ў ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна. Глядзіце відэа размовы:
Нагандляваць на мільярд, калі ў цябе ў канкурэнтах ЗША і Расія — гэта дасягненне
Спачатку мы гандлявалі запасамі беларускай ваеннай акругі, потым мадэрнізавалі гэтую тэхніку і таксама прадавалі, яшчэ пазней мадэрнізавалі гэтую тэхніку ў заказчыка. А цяпер наступіў новы перыяд у развіцці нашага ваенна-прамысловага комплексу: мы вырабляем высокатэхналагічнае сучаснае ўзбраенне.
Я думаю, што найбольшыя грошы нам прыносяць сістэмы радыёлакацыі, радыёэлектроннай барацьбы, беспілотнікі, ну, і мадэрнізацыя старой савецкай зброі — у тым ліку, зенітных ракетных комплексаў і радыёлакатараў.
З улікам таго, што цяпер рынак зброі вельмі канкурэнтны, цяжка на яго прабіцца, нагандляваць на мільярд долараў, калі ў цябе ў канкурэнтах і ЗША, і Расія, і Ізраіль, і Францыя — гэта дасягненне.
У Савецкага саюза было 69 тысяч танкаў. Гэтыя запасы да канца не распрададзеныя
У Савецкага саюза было 69 тысяч танкаў. Гэта больш, чым ва ўсіх краінах свету разам узятых. Вядома, гэтыя запасы да канца не распрададзеныя. Але Беларусь гандлюе не проста старым жалезам. Мы яго мадэрнізуем: усталёўваем новую сістэму кіравання агнём, мяняем элементную базу, ставім для некаторых сістэмах новыя рухавікі беларускай вытворчасці, новую электроніку. Узбраенне, вядома, не самае сучаснае, але ўжо ў сучасным баі, у лакальных канфліктах, такіх, як у Сірыі, цалкам можа за сябе пастаяць.
Ёсць бедныя краіны, якія гатовыя скарыстацца старой адрамантаванай савецкай тэхнікай, таму што яны іншую не купяць. Не выключаю, што будзем прадаваць яшчэ што-небудзь з арт-сістэм, што-небудзь з танкаў.
Мяркую, што 60% ад гэтага мільярда — гэта вынік продажу менавіта новай, больш дарагой зброі. Радыёлакатары, сродкі радыёэлектроннай барацьбы, сродкі падаўлення беспілотнікаў, разрыву касмічнай сувязі і касмічнай навігацыі. Яны вельмі дарагія.
Ваенны бюджэт у нас невялікі. Крыніцы яго папаўнення таксама не вельмі вялікія. Думаю, што частка выручкі ад продажу ваеннай тэхнікі ідзе ў бюджэт міністэрства абароны на яго патрэбы.
Беларусь трапляе ў вельмі выгадную сітуацыю
Калі Беларусь была краінай-выгнаннікам, а ў Расіі былі добрыя адносіны з краінамі Захаду, уключаючы ЗША, у некаторыя рэгіёны свету Расія лічыла для сябе выгадным прадаваць гэтыя сістэмы праз Беларусь. Іміджу Беларусі тады нішто не магло пашкодзіць. А Расіі было, што губляць. Але калі стаў развівацца беларускі ПВК, нашы і расійскія вытворцы сталі канкурэнтамі.
Цяпер ЗША заявілі, што будуць блакаваць расійскі гандаль зброяй. Гэта можа прывесці да таго, што зноў адновіцца такая практыка: Расія можа выкарыстаць беларускіх контрагентаў.
Наш ВПК не можа канкураваць з ЗША ці Расіяй. Нашы канкурэнты — гэта Польшча, Балгарыя, Югаславія, якія карыстаюцца распрацоўкамі савецкага ВПК, тыражуюць гэтую прадукцыю, удасканальваюць яе і прадаюць. Нешта бяруць у заходніх вытворцаў. Але, улічваючы, што Расія і ЗША моцна пасварыліся, і любы, хто будзе купляць у іх зброю, будзе разглядацца кожным з гэтых бакоў, як патэнцыйны вораг, да яго могуць быць ужытыя санкцыі. Беларусь трапляе ў вельмі выгадную сітуацыю: ёсць краіны, якія не жадаюць трапляць у палітычную залежнасць ні ад ЗША, ні ад Расіі, і захочуць мець незалежнага пастаўшчыка зброі. І тут Беларусь можа падаць свае паслугі на высокім узроўні.
У 2018 годзе прырост выручкі будзе яшчэ больш — 20-25%. Гэтаму спрыяе міжнароднае становішча — канфлікт у Сірыі, Блізкім Усходзе — продажы павялічацца. Мы атрымаем мільярд трыста, мільярд пяцьсот.