Алесін: У перыяд выбараў не патрэбныя ініцыятывы, таму Зась і прызначаны

Аляксандр Лукашэнка прызначыў Станіслава Зася выканаўцам абавязкаў дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі. Ён будзе кіраваць ведамствам замест Аляксандра Мяжуева, якога на мінулым тыдні вызвалілі ад пасады ў сувязі са складанымі сямейнымі абставінамі

На думку ваеннага эксперта і аглядальніка Аляксандра Алесіна, Зась ― чалавек-выканаўца, даволі добры служачы, абавязковы, але зорак з неба не хапае, заўсёды застаецца на другіх ролях.

“Ён самастойны палітык цяпер, бо пасада сакратара Савета бяспекі ― пасада палітычная, і гэта пасада не для яго. Ён будзе выконваць гэтую ролю, пакуль пасля выбараў не вызваліцца нехта з кіраўнікоў сілавых структур ці ведамстваў. Раней такіх людзей называлі месцаахоўнікамі. Думаю, напярэдадні выбарчай кампаніі мяняць старшыню КДБ ці кіраўніка МУС кіраўнік дзяржавы не захоча, мяркуючы па тым, што кажуць у вышэйстаячых колах. “Мы павінны правесці выбары бездакорна” ― гэта лозунг прэзідэнта”, ― адзначае Алесін.

Аглядальнік мяркуе, што пасля выбараў Савет бяспекі ўзначаліць чалавек, які па рэгаліях, званнях, і паслужным спісе будзе больш адпавядаць гэтай пасадзе. Чакаць ад Зася нейкіх рашучых дзеянняў не варта, бо падчас выбараў “больш падыходзіць стабільнасць, чым рашучыя дзеянні".

Алесін: “Зась будзе бездакорна выконваць усе ўказанні прэзідэнта. У перыяд выбараў не патрэбныя ініцыятывы, таму Зась і прызначаны”.

Даведка Еўрарадыё: Станіслаў Зась нарадзіўся ў 1964 годзе ў Чарнігаўскай вобласці Украіны. У 1985 годзе з адзнакай скончыў Бакінскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча, у 1996 годзе з адзнакай і залатым медалём ― Ваенную акадэмію Беларусі, а ў 2005 годзе таксама з адзнакай і залатым медалём ― Ваенную акадэмію Генеральнага штаба Узброеных сіл Расіі. Кандыдат ваенных навук. Узнагароджаны 4 медалямі. Праходзіў ваенную службу і працаваў ва Узброеных Сілах, МУС, КДБ, памежных войсках.

Фота: vsr.mil.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі