Алімпійцы будуць здаваць экзамен па матчынай мове?

Сёння, 18 ліпеня, беларускія спартоўцы адпраўляюцца на Алімпіяду ў Пекін. Калі кіраўнік Нацыянальнага Алімпійскага камітэту і прэзідэнт краіны даведаўся, што на Алімпіядзе-2008 спартоўцаў будуць вітаць кітайскія дзеці, што ў школе вучаць беларускую мову, дык ці то жартам, ці то сур’ёзна занепакоіўся: а ці зразумеюць нашыя? І зазначыў: маўляў, няблага ім падвучыць родную мову.
Еўрапейскае радыё вырашыла дазнацца, ці ведаюць і ці могуць размаўляць па-беларуску патэнцыйныя беларускія алімпійцы.

Лёгкаатлетка Маргарыта Турава адразу пагадзілася пагаварыць з намі на роднай мове. І нават зазначыла, што яна ёй падабаецца больш, чым руская:

Турава: Я нядаўна была ў сваёй вёсцы, дзе ўсе гавораць па-беларуску. І не было такіх недарэчнасцяў, што я не разумею нейкіх словаў.

Па-беларуску таксама з Еўрарадыё размаўляла і раварыстка Наталля Цылінская.

Цылінская: Са школы мне вельмі запомнілася паэма “Бандароўна”. А з музыкі падабаюцца старыя калектывы кшталту “Сяброў” і “Песняроў”.

Аднак у адрозненне ад Туравай Цылінская лічыць, што падцягваць мову перад Алімпіядай няварта.

Цылінская: Павітацца мы па-беларуску зможам, а больш і не трэба. Бо мы едзем туды з іншымі мэтамі – зарабляць для нашай краіны медалі.

Такога ж меркавання прытрымліваецца прэс-сакратар Нацыянальнага Алімпійскага камітэту Пётр Рабухін:

Рабухін: У нас жа дэмакратычная краіна, і кожны чалавек сам вырашае, што яму трэба вывучыць, што яму трэба ведаць. А усіх часаць пад адзін грэбень – па-мойму, мы гэта ўжо ў Савецкім Саюзе праходзілі.

Хаця апошнім часам спадар Рабухін заўважае, што шмат хто са спартоўцаў хваліцца тым, што можа праспяваць беларускі гімн. Вывучыць яго збіраецца і тэнісіст Максім Мірны, і, як сказаў ягоны бацька, мы яго абавязкова пачуем, калі Макс уздымецца на верхнюю прыступку.

А вось алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка родную мову ведае зусім крышку. Кажа, што і са школы амаль нічога не памятае.

Несцярэнка
: Калі б мае бацькі гаварылі па-беларуску, можа быць я мову б і ведала. А так… Я амаль не сутыкаюся з ёй ў паўсядзённасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі