Аляксандр Хацкевіч: Не такія ўжо і дрэнныя ў нас футбалісты

На сустрэчу з заўзятарамі Аляксандр Хацкевіч прыйшоў з яшчэ адным трэнерам зборнай — баскам з Більбао, Эдуарда Дакампа. Мерапрыемства атрымалася надзвычай шэрым і панурым. Пасля падзякі заўзятараў за пазіцыю па Украіне (у нядаўнім інтэрв’ю трэнер зборнай заявіў, што выступае за адзінства гэтай краіны) Хацкевіч амаль адразу паведаміў, што не хацеў бы размаўляць “пра палітыку”. Пра футбол таксама атрымалася не вельмі — пытанняў ад зусім нешматлікіх заўзятараў было няшмат. Актыўнічалі 3-4 чалавекі. Няёмка было ўсім, нават журналістам. Але нешта Аляксандр Хацкевіч усё ж расказаў:

Новая зборная будзе гуляць у атакуючы футбол.

"Трэба прыўнесці у зборную павагу да сваёй краіны і да заўзятараў. Я так крыху пазнаёміўся з сітуацыяй і бачу, што згублена сувязь паміж футбалістамі і заўзятарамі. Кантакту няма. Вам гэта больш бачна, я толькі знаёмлюся з сітуацыяй. Але калі мы збярэмся з хлопцамі, то скажу ім, што гуляць трэба ў першую чаргу для заўзятараў. Што зменіцца ў зборнай у плане футбола, я пакуль вам не буду гаварыць. Шмат што сказана, мы з хлопцамі збярэмся і ўсё абмяркуем. Але будзе накіраванасць на атаку. Бо футбол — ён для гледачоў. На сённяшні момант мы можам сабе дазволіць гуляць для заўзятараў. Каб яны прыходзілі на матч і бачылі гульню, а не тое, як каманда церпіць.

Гуляць будуць старыя футбалісты.

Не магу сказаць, што мы адкрылі новыя імёны для зборнай. У спісе з’явіўся Гарбуноў. Але я яго не бачыў, толькі ў інтэрнэце. Мы ў першую чаргу назіраем за тымі, хто мае гульнявую практыку.

У каманду вернецца Аляксандр Глеб.

Глеб атрымаў запрашэнне. Спадзяюся нічога не здарыцца і ён будзе гуляць у наступным матчы.

“У нас ёсць нармальныя футбалісты”.

Асноўная задача зборнай — вынік. Перамога ў кожным матчы. Кожная гульня адрозніваецца ад іншай. Але не такія дрэнныя ў нас футбалісты. Вядома, кожны трэнер выказвае сваё меркаванне і Георгій Пятровіч (Кандрацьеў, былы трэнер зборнай — Еўрарадыё) выказваў яго па-свойму. Але ёсць такія моманты, якія нельга выносіць з распранальні. Але гэтак кіраваў камандай Георгій Пятровіч. На самой справе, не такія дрэнныя ў нас футбалісты. Ёсць і даволі дасведчаныя хлопцы, ёсць і такія па 26-27 гадоў у росквіце. Ёсць і маладыя хлопцы па 22-21 гады. Яны ўсе павінны паверыць, што могуць гуляць у футбол. Трэба ўсіх іх аб’яднаць.

Надзея на саміх сябе.

На сённяшні момант шансы выйсці з групы мінімальныя. Але засталося яшчэ дастаткова гульняў, каб адчуць упэўненасць. Вярнуць тую ўпэўненасць, якая была ў каманды на нейкім этапе. Бо калі зборная стартуе, то заўсёды ёсць нейкія надзеі. Не толькі ў заўзятараў. У спартсменаў, у трэнероў таксама ёсць. Нам цяпер трэба вярнуць надзею і ўпэўненасць у саміх сабе.

Як наблізіць зборную да заўзятараў.

Першая трэніроўка зборнай будзе адкрытай. Колькі б дзён да гульні не заставалася — першая трэніроўка будзе адкрытай. Калі ласка, прыходзьце ў 17.00 23 сакавіка. Глядзіце, фатаграфуйцеся, размаўляйце з футбалістамі. У гэтым плане першы дзень будзе адкрытым. Потым ужо не, каб не адцягваць увагу футбалістаў. Але тут — калі ласка. У нас, на жаль, не заўсёды шмат часу, таму толькі першы дзень. Потым ужо ўсё будзе залежаць ад нашай гульні і ад вашага настрою.

Пра Бялькевіча.

Каму б я прысвяціў перамогі зборнай? Тут не трэба падказваць. Майму сябру Валянціну Бялькевічу, які на жаль ужо не ўбачыць ні перамогаў, ні паразаў, нічога. Любая перамога ў маім сэрцы будзе прысвечаная ў першую чаргу Валянціну.

Пра гульні зборнай у абласных гарадах.

Мы не можам праводзіць гульні зборнай там, дзе хацелі б. Неабходнае ліцэнзіраванне УЕФА. Не ўсе яго прайшлі. Таксама важныя адлегласці. Калі мы гаворым, што хацелі б згуляць там і там, у нас сапернік пытае — колькі да гэтых гарадоў кіламетраў. 300-250? Тады не. Гэта праблема. Самалёты не прызямляюцца ў абласных гарадах, як правіла. Ва ўсіх камандаў ёсць свае ўмовы.

Пра узровень нацыянальнага чэмпіяната.

Чаму не атрымалася пераемнасці паміж “маладзёжкай” і нацыянальнай зборнай? Думаю таму, што узровень нашага чэмпіянату, дзе гуляюць гэтыя футбалісты, вельмі нізкі. Плюс мала гульнявога часу яны маюць, мала практыкі. І калі ты выходзіш на поле за дарослую, мужчынскую каманду — гэта адбіваецца. Таму пераходу няма. Маё меркаванне такое — маладым хлопцам трэба сыходзіць, магчыма, з БАТЭ, “Дынама” ў абласныя каманды і там атрымліваць гульнявую практыку і прагрэсіраваць.

Пра тое, што рабіць маладым беларускім футбалістам.

Калі браць агульны ўзровень, то на маю думку, маё такое меркаванне, першы дывізіён расійскага чэмпіяната крыху мацнейшы за чэмпіянат Беларусі… Вынік робяць футбалісты. Трэба пачынаць з моладзі. Я бачыў “Дынама” на зборах у Турцыі. Там толькі два беларуса ў асноўным складзе гулялі — усе астатнія легіянеры. Але ў “Дынама” ёсць свая школа, акадэмія. Кажуць, што ёсць свае маладыя харошыя хлопцы, але ім ужо па 20-21 год, дзе яны гуляць будуць? Акцэнт сёння робіцца на легіянераў. Паглядзіце — “Белшына” таксама запрашае футбалістаў з Украіны. Каманды вырашаюць свае задачы, якія перад імі ставіць кіраўніцтва. Таму маладым беларускім футбалістам даволі складана прабіцца. Альбо з’язджаць на самой справе ў Польшчу, Літву, там атрымліваць практыку. Але ў Еўрасаюз нам з беларускім пашпартам складана трапіць. Трэба мець узровень, каб туды запрасілі.

Пра натуралізацыю замежных гульцоў.

Што я думаю аб натуралізацыі? Каб проста даць беларускі пашпарт? Назавіце мне легіянера з нашага чэмпіяната, якому можна было б даць наш пашпарт і запрасіць у зборную. Вы верыце, што такі можа з’явіцца? Калі такі з’явіцца, то мы звернем увагу. А натуралізацыя не толькі ад нас залежыць. Ну і такога ўзроўня легіянераў няма. Брэсан быў у нейкі момант. Мы сочым за ім, але ў Брэсана цяпер таксама няма гульнявой практыкі. Але калі раптам такі чалавек з’явіцца, то паглядзім. Нічога дрэннага ў натуралізацыі я не бачу.

Пра стадыён “Дынама”.

Што майго напарніка-іспанца найбольш здзівіла у нас? Стадыён “Дынама” ў Мінску. Ідзем з ім там, пытае ў мяне — калі яго пабудуюць? Я кажу, што ўжо пабудавалі… Мяне, дарэчы, таксама гэта больш за ўсё тут у Мінску здзівіла. На жаль.

Фота Надзея Бужан, by.tribuna.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі