Аляксандр Хацкевіч прызначаны галоўным трэнерам футбольнай зборнай Беларусі

Аляксандр Хацкевіч стаў галоўным трэнерам футбольнай зборнай Беларусі. Такое рашэнне прыняў у чацвер выканкам Беларускай федэрацыі футбола. 18 чальцоў выканкама БФФ прагаласавалі за яго кандыдатуру, 1 устрымаўся. Іншых кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера не было.

41-гадовы Аляксандр Хацкевіч — вядомы ў мінулым беларускі футбаліст, выступаў за мінскае і кіеўскае "Дынама", за зборную Беларусі. У цяперашні час ён кіруе кіеўскім “Дынама-2”.

Хацкевіч пагадзіўся ўзначаліць нацыянальную зборную па футболе яшчэ ў кастрычніку пасля перамоваў з прадстаўнікамі федэрацыі. Агулам кандыдатаў налічвалася да 30 чалавек, пазней іх колькасць зменшылася да 10. Дагэтуль выконваючым абавязкі галоўнага трэнера зборнай пасля адстаўкі Георгія Кандрацьева з'яўляўся Андрэй Зыгмантовіч.

З чальцоў выканкаму ўстрымаўся толькі Яўген Трацюк з Брэста. У сваім выступе ён адзначыў, што Хацкевіч не прадставіў ніякага плану працы са зборнай. Так ужо было, калі прызначалі Кандрацьева. Таму Трацюк прапанаваў, каб да канца адборачнага цыкла ў зборнай заставаўся выконваючы абавязкі галоўнага трэнера, аднак яго ніхто не падтрымаў.

Дарэчы, на паседжанні выканакама БФФ не было Георгія Кандрацьева, Анатоля Капскага, Віктара Ганчарэнкі. Сярод прысутных былі Юрый Чыж, Павел Якубовіч, Сяргей Румас, Юрый Пунтус.

Фота — telegraf.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі