Аляксандр Мілінкевіч у Празе: “Я не адвакат Лукашэнкі”

Палітык распавёў Еўрарадыё, чаму ён не падпісаў зварот апазіцыі да Еўрасаюза. Аднак мы не знайшлі ў дакуменце цытату, якая збянтэжыла былога кандыдата ў прэзідэнты Перад пачаткам саміту па "Ўсходнім партнёрстве" ў Празе прайшоў шэраг афіцыйных сустрэч. Прадстаўнікі беларускай апазіцыі сустрэліся з міністрам замежных справаў Чэхіі Карэлам Шварцэнбергам. Там прысутнічалі Аляксандр Казулін, Аляксандр Мілінкевіч, Зянон Пазняк, Івонка Сурвіла і Станіслаў Шушкевіч.

Як паведаміла карэспандэнтка Еўрарадыё Наста Ігнатовіч, што знаходзіцца зараз у Празе, падчас сустрэчы быў падпісаны зварот лідэраў апазіцыі да Еўрасаюза. Не падпісаў яго толькі... Аляксандр Мілінкевіч. Мы спыталі палітыка — чаму?

Аляксандр Мілінкевіч: “Я пад усімі пунктамі гатовы падпісацца. Але там ёсць пункт, дзе гаворыцца, што Аляксандр Лукашэнка — гэта траянскі конь расійскай палітыкі. Яны прыдумалі яму такую ролю разбуральніка ў гэтай праграме. Я такіх фактаў не ведаю. Я не адвакат Аляксандра Лукашэнкі, але штучна разбураць магчымасці і настроі, якія ёсць у Еўропе — я лічу, гэта няправільна”.

Еўрарадыё паспрабавала адшукаць гэты пункт у дакуменце. Аднак такога дакладна мы не знайшлі. У заяве прапісаны іншы пункт, які мог мець на ўвазе Аляксандр Мілінкевіч: “Русіфікацыя і знішчэнне культуры павялічвае адмоўны ўплыў праімперскіх колаў расійскай палітыкі на Беларусь”.

Нягледзячы на такія разыходжанні, прадстаўнікі беларускай апазіцыі паразумеліся, чаго доўга не маглі дасягнуць на радзіме. Зянон Пазняк зазначыў, што нават калі супрацоўніцтва не працягнецца далей, сёння прадстаўнікі апазіцыі павінны аб’яднаць свае высілкі, каб не даць рэжыму набраць моц.

Зянон Пазняк: “Ёсць пытанні ў жыцці дзяржавы, якія вымагаюць супрацоўніцтва. Гэта не значыць, што гэтае супрацоўніцтва будзе працягвацца. Таму што мы палітычныя апаненты. І мы ніколі не будзем разам. Але сёння мы разам. Сёння мы разам, таму што праблема “Ўсходняга партнёрства” — гэта праблема будучыні Беларусі, будучыні дэмакратыі. І нам вельмі важна з’яднаць свае высілкі, каб рэжым Лукашэнкі не выкарыстаў “Усходняе партнёрства” для свайго ўмацавання”.

Як расказаў у размове з Еўрарадыё былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, які таксама прысутнічае на саміце, “Усходняе партнёрства” — гэта дзверы ў цывілізаваны свет.

Аляксандр Казулін: “Гэта новыя магчымасці, гэта адкрытыя дзверы, гэта шлях да цывілізаванага свету. Цяпер ужо важна, ці будзе гэты шлях адбывацца дэталізавана. Вы ж ведаеце, што спадар Лукашэнка калісьці заявіў, што ён не павядзе сваю краіну па цывілізаваным шляху”.

А вось Аляксандр Мілінкевіч зазначыў, што не трэба перабольшваць такія праграмы, як “Усходняе партнёрства”.

Аляксандр Мілінкевіч:
“Іх не трэба перабольшваць. Гэта хутчэй накірунак нашага руху, чым гарантыя таго, што ўсё адразу вырашыцца адной праграмай. Але падзея гэтая гістарычная”.

Беларускія апазіцыянеры сустрэліся і з еўракамісарам Бенітай Ферэра-Вальднер. Яна патлумачыла лідэрам апазіцыі, што Аляксандр Лукашэнка сам вырашыў не ехаць на саміт, хаця і ўхваліў яго.

Беніта Ферэра-Вальднер: “Мы заўсёды запрашаем краіну. І ўжо краіна вырашае, хто паедзе на саміт. Канечне, гэта падзея высокага ўзроўню. Але, вядома, гэта залежыць ад краіны — каго адправіць на саміт. Да нас прыехалі намеснік прэм’ер-міністра і міністр замежных справаў. Мы сустракаліся з імі раніцай. Я думаю, яны вельмі радыя прыезду сюды. І яны сказалі, што прэзідэнт Лукашэнка ўхваліў запрашэнне і магчымасці для Беларусі пачаць супрацоўнічаць з намі”.

А вось Аляксандр Казулін лічыць, што на рашэнне Лукашэнкі не прыязджаць у Прагу паўплывала менавіта беларуская апазіцыя, і назваў гэта маральнай перамогай.

Аляксандр Казулін: “Яны бачаць месца і бачаць будучыню беларускай дэмакратычнай супольнасці ў гэтым дыялогу. Ну і, канечне, тое, што спадар Лукашэнка не прыязджае ў Прагу, — гэта маральная перамога ўсёй дэмакратычнай супольнасці, якая дамагалася ўсяго гэтага”.



Фота Антона Матолькі, tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі