Аляксандр Рыбак: У маёй песні чуваць, што я з Беларусі!

Беларус, які на Еўрабачанні прадставіць Нарвегію, расказаў Еўрарадыё пра тое, што Мінск яму запомніўся меланхалічным горадам, як у дзяцінстве спяваў "Купалінку" і пра тое, што чакае запрашэння ў Беларусь Якім будзе Ваша шоў на Еўрабачанні?

Аляксандр Рыбак: “Мы вельмі задаволеныя нашым нумарам і не вельмі шмат змяняем. Трошкі цікавей будуць танцоры. І я буду стаяць крыху ў іншым месцы. Займаюся вакалам, таму што там далёка яшчэ не сядзіць. Я сам ведаю, што я не самы добры вакаліст у гэтым годзе на Еўрабачанні. Але я павінен проста гісторыю распавесці. Безумоўна, я таксама не хачу фальшыва спяваць. Шмат займаюся кожны дзень, і трошкі на скрыпцы граю, хаця паводле правілаў Еўрабачання — толькі голас жыўцом, а ўсё астатняе пад фанаграму. Алё ўсё адно я займаюся, каб гэта па-сапраўднаму выглядала.

У Беларусі на конкурсную песню заўсёды здымаюць кліп, а потым яго круцяць па розных тэлеканалах. А вы рабілі кліп?

Як такога кліпа няма. Я тры разы выступаў у фінале. І адзінае, што мы зрабілі, — самыя лепшыя кадры з гэтых трох разоў сабралі. Такі будзе наш кліп.

Колькі чалавек з вамі працуе?

Толькі з тэлевізійнай кампаніі 20-25 чалавек працуе над шоў. А акрамя гэтага менавіта тыя, якія са мной працуюць, мой менеджмент — 8 чалавек. Розныя ў іх ролі.

Хто падабаецца з вашых канкурэнтаў?

Я некаторых бачыў. Канечне, бачыў беларускага Пятра, у яго вельмі шмат энергіі ў голасе, мне гэта вельмі падабаецца. Я вельмі цікаўлюся тым, што адбываецца ў Беларусі. Чуў, што яшчэ не ўсе згодныя, якім будзе шоў у Пятра. Самае галоўнае, каб артыст быў задаволены, каб яму было камфортна.
Украінская Святлана мне падабаецца, асабліва відэа, вось яе кліп файна зроблены. Пасля яшчэ Швецыя падабаецца. І Расія. Гэта вельмі разумна, што яны выбралі жанчыну, якая трошкі адрозніваецца ад іншых. Яна не такая сексуальная, а больш моцная і сапраўдная.

Кажуць, што наш Пётр Ялфімаў капрызны і яму цяжка дагадзіць з нумарам. А вы капрызны?

Я спадзяюся, што я не капрызны. Але ва ўсялякім разе мы ўсе згодныя. Самае галоўнае, што са мной вельмі добрыя людзі працуюць. Яны заўсёды прыходзяць з ідэямі, і калі мне не падабаецца, я шчыра кажу: не, лепш трошкі па-іншаму. І яны тады вельмі нармальна ставяцца да гэтага, і тады новыя ідэі. Напрыклад, мне не адразу спадабалася вопратка. Я не капрызы ладзіў, я проста сказаў, можна і лепшае прыдумаць.

А ці быў у вас проматур?

Я яшчэ пакуль не наведваў ніводную краіну, таму што працаваў над альбомам. Я не хачу пакрыўдзіць людзей. Не хачу паехаць на проматур і спяваць толькі адну песню, якую яны чулі. Я хачу альбом выдаць. І пасля толькі я канцэрты магу даваць. Пазней я збіраюся наведаць вельмі шмат краін. Мы атрымалі кантракты ўжо ў 17 краінах. Працу над альбомам я ўжо закончыў. Увесь альбом па-ангельску, каб зразумелі ва ўсёй Еўропе. На ім розныя аранжыроўкі скрыпічныя, чуваць, нібыта аркестр грае, а насамрэч гэта толькі я адзін шмат-шмат разоў. Стыль — поп-музыка. Я спрабую яго зрабіць у такім нейтральным жанры, каб спадабаўся ўсім. Канечне, мелодыі і тэксты часам вельмі моцныя. Я вельмі хачу паказаць нарвежскую культуру, нарвежскую музыку Еўропе.

А ў Беларусь прыедзеце?

Вельмі было б прыемна. І мае менеджэры ставяць план, калі я куды паеду. Вельмі цікава будзе. Спадзяюся, нас запросяць. Але пакуль дакладна не магу сказаць.

Вашая конкурсная песня падалася нам не зусім нарвежскай. Ёсць там нешта і ад савецкіх песень…

Я хацеў спачатку паказаць той рытм нарвежскім людзям, але і хацеў, каб трошкі і нарвежскага было. Таму ўзнікла скрыпічная партыя. А так… Безумоўна, чуваць, што я з Беларусі.

А што вы памятаеце пра Беларусь?

Я памятаю, што вельмі шмат меланхоліі было. Памятаю, у Мінску сябе людзі вельмі педагагічна паводзілі — даволі строгія, але вельмі добрыя. Я ж там быў маленькім хлопчыкам. Бываў у Лешні. Там жыла мая бабуля. Памятаю, спявалі "Купалінку" і іншыя беларускія песні.


Заспявайце для нас якую-небудзь.

"Купалінку", на жаль, не памятаю. Наступным разам абавязкова. Нешта такое мы пелі — праўда, яна руская:

Думы окаянные, думы покаённые,
Да бестолковая любовь
Головка загубенная.
Бестолковая любовь
Головка загубенная.

Чытайце таксама:

Юзэфовіч: З Ялфімавым — як з дзіцём. Я яшчэ не сутыкаўся з такімі

Ялфімаву давядзецца вяртаць БТ грошы за Еўрабачанне

Ялфімаў не адмовіцца ад Еўрабачання, але выступіць без спецыяльнага нумару

Пётр Ялфімаў выступіць у паўфінале "Еўрабачання-2009" чацвёртым


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі