Амаль 80% падтрымкі — у Кыргызстане абралі прэзідэнта
Садыр Жапараў / Reuters
Прэм'ер-міністр і выконваючы абавязкі кіраўніка дзяржавы Садыр Жапараў набраў найбольшую колькасць галасоў на выбарах прэзідэнта Кыргызстана, паведамляе рэсурс kloop.kg. Галасаванне прайшло ў нядзелю.
Пасля апрацоўкі крыху больш за 98% бюлетэняў стала вядома, што за Жапарава прагаласавалі 79,2% выбаршчыкаў. Яго бліжэйшы супернік набраў каля 7% галасоў. Усяго на пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндавалі 17 кандыдатаў.
Адначасова з выбарамі ў Кыргызстане прайшоў і рэферэндум. Грамадзянам прапанавалі выказацца па пытанні, якой форме праўлення — прэзідэнцкай або парламенцкай — яны аддаюць перавагу. Па папярэдніх дадзеных (апрацаваны каля 98% бюлетэняў), большасць — больш за 80% — выказаліся за прэзідэнцкую форму праўлення.
Яўка на выбарах і рэферэндуме склала каля 40%. На мінулых выбарах прэзідэнта Кыргызстана актыўнасць выбаршчыкаў была вышэй — у 2017 годзе на ўчасткі прыйшлі каля 56% выбаршчыкаў, унесеных у спісы.
Адзначым, што на выбарах у Кыргызстане выкарыстоўваюцца аўтаматычна счытвальныя скрыні (АСК), якія дазваляюць выдаваць вынікі галасавання ў рэжыме рэальнага часу адразу пасля закрыцця ўчасткаў. Але гэтыя вынікі не з'яўляюцца канчатковымі. Канчатковымі лічацца вынікі ручнога падліку. Гэтыя вынікі ЦВК павінна апублікаваць на працягу 20 дзён.
Для перамогі ў першым туры лідару гонкі дастаткова набраць больш за палову галасоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.