Amanita: Псіхадэлік-транс вольны ад усялякіх межаў

Еўрарадыё пайшло на каву з ды-джэем Amanita, які не ведае, што такое камерцыя, вандруе па астральным свеце і заклікае слухаць сваё сэрца. Тося Кукс: Amanita, кажуць, што транс-культуры няма. Скажы, ці праўда гэта?

Amanita:
Ну, прынамсі, у нас яе няма. Таму мы і імкнемся падняць яе. А ўвогуле транс першапачаткова з’явіўся з руху хіпі. Яшчэ ў Джымі Хендрыкса быў роўны біт, зачаткі транса. А потым неяк там у Індыі ўсё склалася, намяшалася — і з’явіўся псіхадэлік-транс: свабодныя, шчаслівыя людзі, яны радуюцца жыццю, ім мала што трэба для гэтага. У іх няма занадта амбіцыёзных мэтаў. Яны проста жывуць і атрымліваюць асалоду ад жыцця.

Тося: Што такое транс?

Amanita: Асноўныя віды трансу — гэта гоа, прагрэсіў, дарк і фул-он. З іх камерцыйнымі з’яўляюцца фул-он і прагрэсіў часткова. Гоа ўсё менш і менш, і па сутнасці як від музыкі ўжо памёр. Словамі вельмі цяжка выказаць, што гэта за музыка. Любая музыка ад сэрца цікавая, а гэтая больш пасуе маім вібрацыям, мабыць.

Тося: Ахарактарызуй транс, калі ласка, з тэхнічнага пункту гледжання.

Amanita: З тэхнічнага пункту гледжання музыка вельмі складаная, насамрэч. Я спрабаваў рабіць тэхна, драм’энд’бас. Гэта ўсё прасцей проста таму, што ў псіхадэлік-музыцы важны не сам гук — ён можа быць любым. Мы будзем стукаць на стальніцы — гэта ўжо будзе гук. А ў трансе важна, як гук уплывае на цябе. Таму дамагчыся таго, што ты хочаш, сапраўды складана. Напрыклад, проста біт можна рабіць палову дня. Проста сядзіш і слухаеш, пакуль ў галаве ўсё ужо не круціцца-верціцца.

Тося: Ці прысутнічаюць імправізацыі ў тваіх выступленнях?

Amanita: Сама канцэпцыя пабудовы сэтаў у псіхадэлік-трансе — гэта вандроўка, і павінна ўсё быць роўна і гладка. Псіхадэлік жа ўплывае на свядомасць і падсвядомасць. І здараецца, што калі грае каша, то ў людзей можа проста бэдтрып здарыцца. Безумоўна, калі ты адчуваеш, што зараз лепш паставіць больш хуткі трэк, больш пяшчотны, а потым зрабіць паўзу і паставіць больш плаваючы трэк, то ўсё гэта ёсць, безумоўна. Але дыяпазон вось гэтага “туды-сюды” вельмі вузкі. Гэтая музыка паўплывае вельмі моцна. Само слова “псіхадэлік” ад лацінскага “псіха” (душа). Псіхадэлія, атрымліваецца, — гэта праца з душой.

Тося: Калі ты граеш, у цябе нейкія вобразы ў галаве ўзнікаюць?

Amanita: Яны ёсць заўсёды. І нават калі я дома, і калі п’ю гарбату, і нават зараз (смяецца). Усё гэта завязанае на пачуццях. Ёсць такі панятак, як астральны сусвет — гэта свет нашых пачуццяў, перажыванняў. І менавіта там і адбываюцца вандроўкі. Падчас паці ты можаш пабываць і ў шчасці, і ў горы, і ў скрусе, і ў радасці, у розных месцах. Гэта тое ж, што і з звычайнымі вандроўкамі: самае галоўнае — гэта не карцінка. Паехаў ты, напрыклад, у Індыю, ты ўсё вось гэта бачыш, але мне здаецца, што самае галоўнае — гэта не карцінка, а тое, што ты адчуваеш.

І вось пры дапамозе музыкі, а менавіта псіхадэлік, транса, можна атрымліваць тыя ж адчуванні, седзячы дома ці на паці, ці ў лесе. Цябе можа адправіць куды заўгодна. І ў мяне вандроўкі адбываюцца пры дапамозе музыкі. Калі я хачу кудысьці, я проста пачну пісаць новы трэк ці паслухаю штосьці добрае. І ў мяне з’явіцца купа новай энергіі, думак новых. Я вось сыйду з працы і паеду куды-небудзь.

Тося:
Якую музыку ты сам слухаеш?

Amanita: Слухаю я музыку ад сэрца. Можна класіфікаваць яе па-рознаму, але для мяне галоўная класіфікацыя музыкі — з душой яна ці без душы. Проста шмат хто піша шаблонную музыку, нічога новага, нічога прыватнага ў ёй няма. Стыль нават на сутнасці не важны. Ад стыля залежыць проста твой стан, які ты сабе выбіраеш.

Тося: Як ты выбіраеш музыку?

Amanita: Назіраю за сабой у пэўны момант. Падбіраю музыку менавіта тую, што адпавядае майму ўнутранаму стану.

Тося: А калі твая душа просіць аднаго, а на паці трэба граць нешта іншае?

Amanita: Я граю з большага на сваіх жа паці — Organic Family. У нас няма таго, што трэба граць. А калі мяне клічуць паграць 12’’ промагрупа ці Euthanasia, то там мне музыка таксама падабаецца. Але ў асноўным я цалкам выкладваюся толькі на оўпэн эйрах, калі ўся гэтая магія адбываецца.

Тося: Наколькі я ведаю цябе, паняцце “камерцыя” для цябе не існуе.

Amanita: Я проста не ведаю, што гэта такое, але калі мне даюць грошы, я іх бяру. Нядаўна пачаў пісаць музыку, і калі мне за яе будуць плаціць грошы — ну, чаму б і не.

Тося: Ты граеш з 2004 года. Чаму толькі зараз пачаў пісаць сваю музыку?

Amanita: Літаральна год таму пачаў максімальна ўнікаць у музыку. Таму што ўсё, што было да гэтага, былі проста паці, музыка, весела, прышпільна. А нядаўна пачаў ужо раскладаць усё па палічках, і ўжо ведаю, як усё працуе. Ну і проста апошнім часам з’яўляецца шмат знаёмых музыкаў з Расіі, Украіны, Еўропы і г.д. І гэта пэўным чынам стымулюе.

Тося: Ці ёсць розніца ў тым, каб граць сваю і чужую музыку?

Amanita: Гэта абсалютна розныя адчуванні. Таму што калі ты граеш сваю музыку, ты вядзеш сапраўдны жывы дыялог з людзьмі і ў адказ адчуваеш аддачу, калі яна ёсць, і яе адсутнасць, калі яе няма. То бок эмоцыі і перажыванні ў разы мацнейшыя, чым проста ўзяць чыюсьці музыку і сыграць яе.

Тося: Ты не можаш пакуль даць сваю музыку. Чаму? Яна павінна прайсці нейкія тэсты?

Amanita: У асноўным у музыкаў-пачаткоўцаў апаратуры нармальнай, на жаль, няма, бо гэта вельмі вялікія грошы. Таму музыка спачатку проста пішацца, потым праз знаёмых рассылаецца, яны слухаюць. І калі нармальна ўсё, то яе адсылаюць у гуказапісвальныя студыі, дзе яе апрацоўваюць і выводзяць на ўзровень, калі яе ўжо можна выдаваць. Ну і сам дом, пакой не пасуе для правільнага гучання музыкі: там рэха, рэвер і г.д. Часта ты пішаш дома, на сваіх калонках, усё крута, цябе прэ, а потым на вялікім гуку паставіў трэк — і чуеш, што ён гучыць ну зусім не так.

Тося: Я ведаю што так званыя “хатнія музыкі” проста ходзяць па дамах знаёмых і ставяць сваю музыку на розных калонках.

Amanita: Так таксама можна (смяецца).

Тося: Як ты мяркуеш, хто будзе набываць тваю музыку?

Amanita: Спачатку нармальнаму псіхадэлік-транс-музыку за трэк плацяць 150 еўра. Яны набываюць твой трэк і правы ўсе ў лэйбла. У Беларусі гэтага ўсяго ўвогуле няма, і пакупнікоў у нас няма. У нас ёсць інтэрнэт, дзе можна проста ўзяць, выліць сабе і слухаць. Пакупнікі ў асноўным у Еўропе, Амерыцы, Бразіліі. Мне здаецца, што яна спадабаецца ў Расіі. Я кшталту славянскі хлопец. Менавіта ў Маскве і з’явіўся касцяк псайтранс музыкі, таму што Масква — сам горад жорсткі, хлопцы там таксама такія. Таму ў іх і музыка такая.

Тося: Што асаблівага ў псіхадэлік-трансе?

Amanita: Увогуле, музыка — гэта забава. Усе хочуць рэйва, каб усё было крута. Псіхадэлік-музыка трошкі інакшая ў тым плане, што менавіта ў ёй прысутнічае стан транса. Яго трэба адчуць. Калі мы возьмем акурат зараз каго-небудзь з вуліцы і дамо праслухаць псіхадэлік-транс, ён скажа “Што гэта такое, увогуле…”. Таму што глеба павінна быць. У асноўным псіхадэлік-музыкай захапляюцца псіхолагі, каму блізкі Ўсход. Матэрыяльнае абсалютна не важна. Будзь ты там хоць бомж. Гэта ж музыка, яна па-за фінансамі. Геаграфічна, калі б мы жылі дзесьці ў Якуціі, то там транса няма, таму што там халодна. У іх свой транс: там ёсць шаманы. Псітранс — гэта музыка, свабодная, у асноўным, ад усялякіх межаў.

Тося: А ці ёсць у псітранса мэтавая аўдыторыя?

Amanita: Абсалютна няма, таму што на фестывалях прысутнічаюць людзі ад пяці і да васьмідзесяці гадоў. Самы вядомы ў свеце ды-джэй і музыка — Гоа Гіл, які ўжо стары.

Тося: Ці часта ты слухаеш музыку проста адзін дома?

Amanita: Пастаянна. Мне гэта больш падабаецца. Я ж як бы не тусуюся ўвогуле. Толькі на арганікаў, а проста ў клубы я не хаджу.

Тося: А оўпэн эйры?

Amanita: Клубы ж клубамі, а оўпэн эйры — гэта зусім іншае, зусім іншае (усміхаецца): прыроды, птушкі, музыка. На прыродзе людзі больш усміхаюцца, яны больш радасныя, таму там усё такое — ажно ух!

Тося: Як ты разумееш творчасць?

Amanita: Напрыклад, пры напісанні музыкі ты выражаеш сябе: тое, што ты адчуваеш, свае эмоцыі, свой стан. Праз месяц-два, калі ты слухаеш сваю музыку, ты вяртаешся ў мінулае. Для мяне музыка найперш — памяць майго жыцця. Творчасць — гэта найперш аддача. Калі, напрыклад, у табе накапілася негатыўная энергія, ты заўсёды можаш аддаць яе ў музыку — і яна сыдзе.

Тося: А ты фаталіст?

Amanita: Выпадковага нічога няма. Я насамрэч лічу, што мы самі фарміруем свой сусвет і апошнім часам гэта адбываецца вельмі свядома. Па сутнасці, у мяне ёсць усё, што я хачу. А хачу я мала. Не хачу машыну, катэдж, шмат грошай. Я не бачу ў гэтым сэнса. Хачу, як і ўсе — шчасця. І ўсе шчаслівыя насамрэч, толькі не ведаюць пра гэта.

Тося: Што ты параіў бы людзям, якія толькі пачынаюць выхоўваць свой музычны густ?

Amanita: Слухайце сваё сэрца — гэта самае галоўнае. Не важна, якой будзе вашая музыка. Не трэба гнацца, кшталту “О, зараз модна тое, значыцца, мы будзе слухаць тое.” Сэнсу ў гэтым няма, таму што ўсе мы розныя. Самае важнае — гэта слухаць сябе. Нехта музыку любіць, нехта на лыжах катацца, нехта любіць вырошчваць кактусы. Галоўнае — падыходзіць да гэтага ўсяго творча. Музыка… А для кагосьці, можа, і няма музыкі.

Фатограф: Таранціна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі