Амбасадар Украіны пра затрыманага журналіста: У мяне ёсць некалькі пытанняў

Амбасадар Украіны пра затрыманага журналіста: У мяне ёсць некалькі пытанняў

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пракаментаваў журналістам партала tut.by сітуацыю за украінскім журналістам Паўлам Шаройкам, затрыманым 25 кастрычніка. Як вядома, 20 лістапада КДБ паведаміў, што Шаройка затрыманы за шпіянаж і стварыў у нашай краіне шпіёнскую сетку. 

Украінскі дыпламат не ўпэўнены, што Павел Шаройка зрабіў сваё прызнанне не пад ціскам. 

"Я ўважліва азнаёміўся з матэрыяламі брыфінгу, праведзенага КДБ. У мяне ўзнікае некалькі пытанняў. Што за агентурная сетка? Чаму паведамляецца толькі пра затрыманне Паўла і неназванага беларуса? Калі гэта сетка, то там павінна быць шмат удзельнікаў. Другое — чаму не прыведзеныя якія-небудзь доказы: напрыклад, фота- або відэаматэрыялы?" — задаецца пытаннямі Ігар Кізім.

Па яго словах, Шаройка заходзіў у амбасаду зранку 25 кастрычніка — у той дзень, калі яго затрымалі. Жонка журналіста працуе ў дыпмісіі вольнанаёмнай супрацоўніцай. 

"Кажуць, узялі з доказамі злачынства. Дзе кадры аператыўных здымак? Момант затрымання?" — працягвае задаваць пытанні ўкраінскі дыпламат.

Сумняецца ён і ў тым, што добраахвотна Шаройка прызнаўся ў злачынстве. "Прабачце, я не хачу каментаваць працу спецслужбаў. Я не ведаю, як працуюць спецслужбы Беларусі, але я ведаю, як яны працавалі ў савецкія часы... На наступнай сустрэчы консул удакладніць у Паўла ўсе дэталі, і тады можна будзе казаць пра тое, як гэтае прызнанне было зробленае", — канстатуе Кізім.

Сваё маўчанне пасля затрымання журналіста дыпламат патлумачыў надзеяй у мірнае вырашэнне сітуацыі: "Што ж тычыцца майго маўчання, то я шчыра спадзяваўся на тое, што гэтая сітуацыя, гэтае непаразуменне вырашыцца".

Зайшла гаворка і пра дарадцу амбасады Ігара Скварцова. КДБ абвясціў яго перснонай "нон грата" і выслаў з Беларусі. Па словах Кізіма, Скварцоў пакінуў Беларусь пасля 25 кастрычніка, але канкрэтную дату ён не ўдакладніў.

Амбасада дамагаецца, каб да Шаройкі пусцілі консула і жонку. "Мы ўжо звярталіся з просьбай пусціць да яго жонку. Але нам сказалі, што "ў гэтым няма неабходнасці", — распавёў Кізім.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі