Амстэрдам адмовіўся праводзіць "Еўрабачанне" ў 2020 годзе
eurovision.tv
Гарадскія ўлады Амстэрдама адмовіліся прымаць міжнародны музычны конкурс "Еўрабачанне" ў 2020 годзе. Прычына — адсутнасць прыдатнай канцэртнай залы ў горадзе. Пра гэта напісала мэр сталіцы Нідэрландаў Фемке Халсема.
Улады спрабавалі знайсці месца для правядзення конкурсу, але залы RAI і Johan Cruijff занятыя, а AFAS Live занадта маленькая. Адна з ідэй — правесці Еўрабачанне пад адкрытым небам. Яна падалася чыноўнікам складанай для рэалізацыі, піша snob.ru са спасылкай на NL Times.
Нагадаем, што ў 2020 годзе "Еўрабачанне" пройдзе ў Нідэрландах, таму што нідэрландскі спявак Дункан Лоўрэнс выйграў конкурс у Тэль-Авіве з песняй Arcade у гэтым годзе.
Акрамя Амстэрдама прымаць у сябе конкурс адмовіліся Гаага і Брэда. Цяпер у барацьбе за правядзенне мерапрыемства ўдзельнічаюць пяць гарадоў: Ратэрдам, Утрэхт, Хертогенбос, Арнэм і Маастрыхт. Канчатковае рашэнне аб месцы правядзення "Еўрабачання" будзе прынятае ў жніўні.