Анатоль Лябедзька: Пікет ля ГУМа — праверка ўладаў

Анатоль Лябедзька: Пікет ля ГУМа — праверка ўладаў

10 верасня Мікола Статкевіч разам з паплечнікамі Анатолем Лябедзькам і Уладзімірам Някляевым зладзілі несанкцыянаваны пікет "За сумленныя свабодныя выбары". Апазіцыянеры заклікалі беларусаў ігнараваць выбары, а замест гэтага 11 кастрычніка пайсці на рыбалку, бо акурат у гэты дзень адзначаецца Дзень рыбака.

Аднак некаторым акцыя апазіцыі падалася выгаднай для ўладаў. Маўляў, чым часцей апазіцыя ўзгадвае пра "так званыя выбары", тым больш яна прыцягвае ўвагу беларусаў да самой выбарчай кампаніі. Прынамсі, такое меркаванне на сваёй старонцы ў Facebook выказаў метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Ён лічыць, што падобнымі справамі мусіць займацца моладзь, а не сталыя дзеячы:

"Чаго вы дамагліся, і чаго дамагаліся? Бо нічога, акрамя "карцінкі" не атрымалася. Той маленькі натоўп, што атрымаўся на "карцінцы", не варты часу, энэргіі і намаганняў лідараў нацыянальнага ўзроўню. "Карцінка" клёвая атрымалася, але гэта ўсё ж станоўчы вынік. Маленькі, але станоўчы. Але яго пераважвае вялікі адмоўны вынік! Вы падаграеце цікавасць да гэтых "выбараў". Вы ствараеце шоў, якое патрэбна Лукашенку і Ярмошынай, Вы працуеце на іх PR. Кожнае такое шоў, кожны такі фарс, кожны скандал, кожная "карцінка" дадае пэўную колькасць тых, хто прыйдзе на ўчасткі 11 кастрычніка. Кемлівыя і разважлівыя людзі ўсё зразумелі пра гэтыя "выбары" і адвярнуліся ад іх".

У каментары Еўрарадаё ўдзельнік пікету Анатоль Лябедзька абвяргае выпады Мацкевіча. Па яго словах, для таго, каб разумець беларускія рэаліі, трэба не ў сацсетках сядзець, а схадзіць на прахадную МАЗа.

Лябедзька: "Як можа быць выгадна ўладзе тое, што ў цэнтры Мінску збіраюцца людзі і тлумачаць тым, хто сумняваецца, што выбары гэта фарс і што ў гэтым нельга ўдзельнічаць? Нескладана разумець, што ахілесава пята гэтай кампаніі і Аляксандра Лукашэнкі асабіста — гэта яўка выбаршчыкаў. Той, хто больш-менш камунікаваў з выбаршчыкамі, зразумеў, што мадэль выбарчай кампаніі ў крызісе — ад яе адвярнуліся людзі, і гэта ўпершыню за 20 гадоў. Сёння нават у прыхільнікаў улады не блішчаць вочы. І гэта дае шанец прыхільнікам пераменаў скарыстаць кампанію для ціску на ўлады, каб яна змяніла выбарчую мадэль, якая дазваляе ёй кансерваваць сітуацыю, утрымліваць уладу і не рабіць пераменаў".

Па словах Лябедзькі, нядаўняе вызваленне палітвязня Міколы Статкевіча станоўча ўплывае на аб'яднанне апазіцыйных сілаў і з'яўлення новай стратэгіі, мэта якой — зрабіць усё, каб беларусы не прыйшлі на выбары. Палітык кажа, што выпрацаваны зварот да выбаршчыкаў, вынікам якога стане кансалідацыя апанентаў улады з тымі, хто сумняваецца, на чый бок схіліцца. А пікет ля ГУМа, упэўнены Лябедзька, быў патрэбны для таго, каб зразумець, ці дазволіць улада і надалей размаўляць з людзьмі. Нягледзячы на псіхалагічны ціск на ўдзельнікаў акцыі пікет прайшоў паводле задуманага сцэнара.

Калі атрымаецца рэалізаваць стратэгію апазіцыі і выбарчыя ўчасткі будуць пустымі, то, перакананы Лябедзька, у лістападзе можна будзе ціснуць на ўладу, каб яна ўносіла змены ў выбарчае заканадаўства. Адпаведна, і парламенцкія выбары 2016 года змогуць ўпершыню з 1995 года прайсці сумленна, кажа лідар АГП.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі