Андрэй Кім: “Я думаў, што мне “прыпаяюць” яшчэ восем гадоў”

Палітвязень Андрэй Кім выйшаў на волю з бабруйскай калоніі 20 жніўня. За кратамі ён правёў амаль 7 месяцаў. Вызвалілі яго за сем хвілінаў. Нагодай для яго вызвалення стаў указ Аляксандра Лукашэнкі, пра што з іроніяй распавёў сам Андрэй: Андрэй Кім: “Я памілаваны Аляксандрам Рыгоравічам — дзякуй яму за гэта. Мне выдалі дакумент, што падстава для вызвалення — памілаванне прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь мяне, такога нягодніка... І выперлі — нават рэчы не далі сабраць. Сем хвілінаў на зборы. А я пасля начнога дзяжурства, вельмі спаць хачу”.

Для Андрэевай маці, спадарыні Таццяны, апошнім выпрабаваннем сталі тыя гадзіны, пакуль сын дабіраўся з Бабруйска да Мінску. Андрэй у дарозе затрымаўся, бо меў цяжкі багаж — амаль 50 кг рэчаў, пераважна — кнігі. Маці ж хвалявалася, што не мае з ім сувязі, а дарога мусіла заняць менш часу. Спадарыня Таццяна за апошнія месяцы дарогу да Бабруйска вывучыла добра:

Таццяна Кім: “Пакуль не было гарадскога суда, я да яго кожны тыдзень ездзіла. Я адразу звольнілася, як толькі яго пасадзілі, і займалася толькі ягонымі справамі”.

Зрэшты, цяпер Андрэй на волі і кажа, што сваімі справамі зоймецца сам. Вось толькі адаспіцца і адпачне. Хлопец адзначыў, што на яго ў апошні тыдзень ішоў вельмі моцны ціск. Таму Андрэй меркаваў, што яму могуць нават працягнуць тэрмін зняволення. І хаця пра вызваленне Аляксандра Казуліна Кім чуў, але на сваё ўжо не дужа разлічваў:

Андрэй Кім: “Я, у прынцыпе, ужо і не спадзяваўся, бо супраць мяне апошнім часам быў шэраг сур’ёзных правакацыяў. Я думаў, што мяне “дакруцяць”, як гэта ў зэкаў гаворыцца. То бок гадоў восем яшчэ прыпаяюць. А потым падумаў: як будзе — так і будзе... Удзень я спаў — мне паставілі начныя дзяжурствы, каб я не кантактаваў з людзьмі. Таму я ўначы дзяжурыў, удзень спаў. Сёння мне ў гэтым сэнсе збілі графік”.

Аднак на ўмовы свайго ўтрымання Андрэй Кім не наракаў. Кажа, што для Беларусі гэтыя ўмовы — нармальныя. А найбольшым сваім уражаннем ад знаходжання ў калоніі назваў колькасць нявінна асуджаных. На ягоную думку, каля 70% людзей у турмах сядзяць па надуманых і бяздоказных абвінавачаннях:

Андрэй Кім: “Калі мяне судзілі, я гэта ацэньваў вельмі негатыўна. А калі я апынуўся ў калоніі і пабачыў, якая колькасць людзей сядзіць па поўным “беспределе” — па 6, па 8 гадоў... Дырэктары прадпрыемстваў, навукоўцы, музыкі... Яны сядзяць абсалютна нізавошта! Тады я зразумеў, што мне чартоўскі пашанцавала, таму што мне далі ўсяго толькі паўтара года”.

Фота: Юлія Дарашкевіч, Наша Ніва

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі