Андрэй памёр пасля затрыманняў у жніўні. Ратвейлер Рэй шукае новага гаспадара
Ратвейлер Рэй / Еўрарадыё
"Рэю 13! Ён вельмі добры і паслухмяны. Здаровы і прышчэплены. Есць мяккую ежу: паштэт, сасіскі, але любіць і косткі. Жыве ў доме, спіць на коўдрах (іх аддадуць разам з сабакам). Хацелася б у сям'ю без маленькіх дзяцей, але да дзяцей ставіцца добра".
Здавалася б, звычайная аб'ява пра пошук новага гаспадара для сабакі ў Мінску, калі б не ўдакладненне пра трагічны лёс мінулага ўладальніка: "Гаспадар ратвейлера быў затрыманы 10 жніўня. На жаль, ад атрыманых траўмаў і пнеўманіі праз 2,5 месяца яго не стала".
Як даведалася Еўрарадыё, гаспадара Рэя звалі Андрэй Мішэчак. Яму было 49 гадоў. Працаваў у Мінску аўтамеханікам, займаўся фарбаваннем машын. Памёр 23 кастрычніка 2020 года.
Падрабязнасці трагедыі Еўрарадыё расказала яго пляменніца Таццяна.
"Так, затрыманне было. Так, быў каранавірус. Але ў яго знайшлі рак. Ніхто пра яго не ведаў, ён сам не ведаў. Ён трапіў у бальніцу, таму што пасля затрымання яму стала дрэнна. Сталі абследаваць і высветлілі, што ў яго рак лёгкага.
Калі ён паступаў у бальніцу, у яго не было ні метастазаў, нічога. А праз два тыдні ў яго ўжо ўвесь арганізм быў у метастазах. Дактары сказалі, што гэта наступствы ўсіх гэтых "мерапрыемстваў": стрэс, пераахаладжэнне, збіццё і каранавірус... Яго ўжо не паспелі выратаваць".
Па словах Таццяны, увечары 10 жніўня Андрэя затрымалі на вуліцы Заслаўскай, калі ён выйшаў з крамы. Дзяўчына кажа, што ў акцыях пратэсту ён не ўдзельнічаў.
"Яго трымалі ў Кастрычніцкім РУУС. Ён быў у ліку тых, каго ў дворыку трымалі на зямлі. Было відэа такое. А праз суткі выпусцілі. Ну, як выпусцілі... Выкінулі з аўтазака на кальцавой.
Потым быў суд без яго: прызначылі на 5 кастрычніка, а позва прыйшла 7-га. Калі сталі тэлефанаваць у суд разбірацца, то сказалі: "Ну, не было яго, нічога страшнага". Проста вынеслі яму 405 рублёў штрафу".
З чым Андрэй сутыкнуўся ў Кастрычніцкім РУУС?
"Ён сказаў, што яго білі па спіне і па нагах. Але ён нікуды не звяртаўся, — працягвае Таццяна. — Таксама казаў, што яго выпусцілі толькі дзякуючы таму, што ён асабліва не абураўся, нічога не патрабаваў. Казаў, што тых, хто чагосьці прасіў, білі яшчэ мацней.
І вось літаральна праз тыдзень ён захварэў: стаў кашляць, дрэнна сябе адчуваць. Сказалі, што ў яго пнеўманія — рабілі КТ. Адправілі на бальнічны. Яму стала горш, і 2 верасня ён папрасіў накіраванне ў бальніцу, таму што ён ужо не мог ні ляжаць, ні дыхаць — усё было дрэнна".
З 2 верасня Рэй больш не бачыўся з Андрэем.
"Сабака вельмі круты. Вельмі шкада яго аддаваць, але проста няма магчымасці яго трымаць, таму што ў маёй мамы алергія, а я жыву з ёй. Бацькі Андрэя ўжо ва ўзросце, ім за 80, яны фізічна не могуць выгульваць. Ён цяпер жыве ў Андрэевым доме, я езджу кармлю, выгульваю, але ён усё роўна большую частку дня адзін, сумуе... Для такой пароды вельмі адэкватны сабака".
Калі вы гатовыя забраць Рэя або ўзяць яго на ператрымку, то напішыце нам у "Тэлеграм" @euroradio_minsk. Мы дамо вам нумар тэлефона Таццяны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.