Андрэй Шорац патлумачыў, чаму перанеслі дату адкрыцця стадыёна “Дынама”
Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац патлумачыў, чаму перанеслі дату адкрыцця стадыёна “Дынама”. Планавалася, што рэканструкцыя скончыцца да канца 2017 года, аднак тэрміны здачы аб’екта перанеслі на лета 2018-га.
6 верасня падчас прэс-канферэнцыі Шорац распавёў, што на стадыёне працягваецца мантаж навесу над трыбунамі. Своечасова яго скончыць не могуць, паколькі арганізацыя, якая ім займаецца, раней падобныя работы не выконвала (гаворка ідзе пра завод з Маладзечна). Аднак было вырашана працаваць з айчыннымі вытворцамі, а не з замежнікамі. Мантаж навесу і тэхніка, якая выкарыстоўваецца, не дазваляе ўжо цяпер заняцца добраўпарадкаваннем на “Дынама” поля. Аднак старшыня Мінгарвыканкама паабяцаў, што 21 чэрвеня 2018-га, роўна за год да пачатку ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў, рэканструкцыя будзе скончаная.
Падчас II Еўрапейскіх гульняў на мінскім стадыёне “Дынама” пройдуць цырымоніі адкрыцця і закрыцця, спаборніцтвы па розных відах спорту. Трыбуны будуць змяшчаць каля 20 тысяч чалавек. У сераду будаўнічую пляцоўку наведаў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.