Андросенка: Мы будзем дамагацца права на мірныя сходы

Сяргей Андросенка, кіраўнік праваабарончага праекта "ГейБеларусь"

Еўрарадыё: Чаму забаранілі гей-прайд?

Сяргей Андросенка: Гей-прайд не забаранілі. Забаранілі публічную акцыю гей-прайда, шэсце. Усе астатнія мерапрыемствы праходзяць нармальна. А наконт шэсця — аргкамітэт два дні будзе абмяркоўваць фармат і ў чацвер на прэс-канферэнцыі мы абвесцім пра свае планы.

Еўрарадыё: А наколькі прынцыпова праводзіць менавіта шэсце? Можа сапраўды грамадства да гэтага яшчэ не гатовае?

Сяргей Андросенка: Мы будзем разглядаць гэтае пытанне не з пункту гледжання гатоўнасці грамадства, а з пункту гледжання заканадаўчага — ці маем мы на гэта права. А права мы маем. Закон аб масавых мерапрыемствах дастаткова складаны і аўтарытарны, але мы падавалі заяву з улікам усіх гэтых заканадаўчых складанасцяў. Гэта становіцца прынцыповым пытаннем. Калі дзяржава пагардліва да цябе ставіцца, я лічу, што гэта дазваляе грамадзянам таксама пагардліва ставіцца да ўлады .

Еўрарадыё: Але можа не прынцыпова праводзіць менавіта парад? Ёсць жа, напэўна, нейкія іншыя метады абароны правоў сэксуальных меншасцяў?

Сяргей Андросенка: Мы праводзім і семінары, і вечарыны, і сустрэчы, але я не думаю што трэба рухацца толькі ў адным кірунку. У нас вельмі разнастайная праграма. Публічная маніфестацыя — адно з дваццаці трох мерапрыемстваў менскага гей-прайду. Але грамадства, палітыкі, журналісты надаюць яму найбольш увагі з-за масавасці. Мы будзем дамагацца права на мірны сход. Мы не зможам змагацца за права на аднаполыя шлюбы ці штосьці яшчэ, калі мы не можам карыстацца напоўніцу тымі правамі, якія ўжо маем.

Еўрарадыё: Нядаўна кіраўнік Беларусі выказаўся пра тое, што не супраць, каб дзесьці на ўскрайку Менску прайшло гэтае шэсце. Чаму вам усё ж не далі дазволу?

Сяргей Андросенка: Мы гэта абмяркоўвалі сёння. Канешне, рашэнне прымалася не ў выканкаме. На практыцы пры прыняцці рашэння чыноўнікі ўсё ж кіруюцца не законам. Не ведаю, чаму так адбылося. Можа, Лукашэнка штосьці не тое сказаў у эфіры, ці не зразумеў нашых мэтаў. Але сродкі масавай інфармацыі ўжо выкарыстоўваюць сітуацыю ў такім ключы, што ўлады як заўсёды кажуць адно, а робяць другое.

Еўрарадыё: Раскажыце, калі ласка, пра ўстаноўчы сход.

Сяргей Андросенка: У суботу мы правялі ўстаноўчы сход праваабарончага праекта Гей-Беларусь, у якім прынялі ўдзел 55 дэлегатаў з усёй краіны. Зараз мы рыхтуем паперы на рэгістрацыю, будзем падаваць іх цягам бліжэйшага тыдня ў міністэрства юстыцыі. Наша мэта — стварэнне бяспечных і камфортных умоваў для жыцця ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі. Без сваёй арганізацыі мы гэтага не дасягнем.

Еўрарадыё: У пятніцу ў сродкі масавай інфармацыі была ўкінутая фальшыўка, нібыта ліст ад аддзела ідэалогіі папярэджанне пра небяспеку падчас гей-прайду. Як вы на гэта адрэагавалі, ці будзеце пісаць скаргу?

Сяргей Андросенка: Мы не будзем пісаць скаргі, гэта бессэнсоўна. Як нам паведамілі ў выканкаме, гэта была не іх акцыя. Гэта ў прынцыпе могуць быць гамафобныя арганізаваныя людзі, Гэта могуць быць нават прадстаўнікі гей-бізнэсу, якія канкуруюць з клубамі, дзе адбываюцца мерапрыемствы прайда, і якія такім чынам хацелі сапсаваць рэпутацыю забаўляльнай установы ў вачах выканкама. Фальшыўка — гэта заўсёды дрэнна, лепш бы чалавек выступіў пад сваім іменем. Але гэтая фальшыўка згуляла і нам на карысць, бо адна з нашых мэтаў — інфармаванне насельніцтва і ЛГБТ-супольнасці пра тое, што ў краіне існуе такі рух.

Еўрарадыё: Хто больш гамафобны улада ці апазіцыя, як вы лічыце?

Сяргей Андросенка: І там, і там ёсць і талерантныя і гамафобныя людзі. Але і там, і там талерантныя часта павінны хаваць сваю талерантнасць, бо гамафобы маюць большую падтрымку грамадскасці. Я ведаю талерантных людзей і ў кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, і ў хрысціянскіх дэмакратаў, і ў пракуратуры, у судах. Проста часта геі, лесбіянкі і талерантныя людзі становяцца закладнікамі палітычнай сітуацыі.

Еўрарадыё: Колькі чалавек ужо пабывала на вашых мерапрыемствах?

Сяргей Андросенка: Усе мерапрыемствы мінскага гей-прайду ўжо наведала каля тысячы чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі