Апазіцыя чакае беларусаў на плошчы 28 верасня

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы ўпэўніліся ў сваім рашэнні зняць кандыдатаў у дэпутаты 23 верасня. Улады праігнаравалі заяву палітрады АДС, у якой дэмсілы патрабавалі ад Цэнтрвыбаркаму дадаткова ўключыць у выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі. На сёння ў выбарчых камісіях застаецца ўсяго 0,07% апазіцыйных прадстаўнікоў. Аднак гэта яшчэ не канчатковае рашэнне аб зняцці кандыдатаў. Ідэю байкоту дэмсілы павінны прыняць на палітрадзе АДС 21 верасня. Хаця старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі не верыць, што чарговая палітрада зможа што-небудзь істотна змяніць. Як і чарговае паседжанне Сойму партыі.

Лявон Баршчэўскі: “Соймам было рэкамендавана да 23 чысла весці актыўную агітацыйную кампанію. І натуральна, хто здолее скончыць гэтую кампанію раней, той здымецца з гонкі раней. У нас яшчэ будзе паседжанне Сойму 20 чысла. Безумоўна, там могуць з’яўляцца іншыя розныя выказванні, але я не думаю, што рашэнне Сойму будзе змененае”.

У адрозненне ад спадара Баршчэўскага, які да апошняга моманту не ўжываў слова “байкот”, лідэр “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч зазначыў, што гэтае слова “МФ” ужываў з самага пачатку парламенцкай кампаніі.

Зміцер Дашкевіч: “Выбары ўжо цяпер не могуць быць дэмакратычнымі. У турмах застаюцца палітзняволеныя. Узбуджаюцца новыя крымінальныя справы. Мірных дэманстрантаў: дзяцей, жанчын – збіваюць на вуліцах. І мы заявілі адпачатку, што голас беларусаў ужо скрадзены. Чакаць нейкага дэмакратычнага падліку галасоў мы не можам. І таму абвесцілі байкот”.

Такім чынам, Зміцер Дашкевіч заклікаў беларусаў не ісці галасаваць, а прыходзіць на Кастрычніцкую плошчу 28 верасня а 20-й гадзіне. І патрабаваць новых выбараў.



Да гэтага закліку далучыўся і каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бандарэнка. Пасля 8 верасня ён згубіў апошнюю надзею на дэмакратычныя выбары. І дагэтуль здзіўляецца, як некаторыя прадстаўнікі апазіцыі дагэтуль працягваюць удзел у выбарчай кампаніі і не збіраюцца здымаць сваіх кандыдатураў.

Зміцер Бандарэнка: “Навошта Калякін, Статкевіч і Лябедзька працягваюць удзельнічаць у выбарчым фарсе. Мы чуем ад спадара Лябедзькі: “Выбары несправядлівыя, але выбаршчык у гэтым не вінаваты”. Гэта тое ж самае, што сказаць: у краме прадаецца тухлае мяса. Але спажывец не вінаваты. І таму ён павінен, прабачце, гэта схаваць”.

На думку спадара Бандарэнкі, тыя пару чалавек ад апазіцыі, якія, магчыма, усё ж такі пройдуць у парламент, будуць там выконваць ролю “шасцёрак”. Бо толькі людзей, на якіх ёсць кампрамат, Лукашэнка зможа прапусціць у парламент.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі