Апазіцыя перадала кангрэсменам ЗША план дэмакратызацыі Беларусі
Сустрэча адбылася 16 красавіка ў Вільні. На ёй былі Анатоль Лябедзька, Аляксандр Казулін, намеснік старшыні Партыі БНФ, намеснік старшыні руху "За Свабоду" Віктар Карняенка, старшыня БАЖ Жана Літвіна. Дэлегацыя Кангрэса ЗША, якую ўзначальвала Шэлі Бэрклі, складалася з 4 кангрэсменаў ад Дэмакратычнай партыі і 3 — ад Рэспубліканскай.
"У нас адбыўся зацікаўленая гутарка пра сітуацыю Ў Беларусі. Мы перадалі кангрэсменам наш план па дэмакратызацыі Беларусі, г.зв. дарожную карту", — сказаў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
Паводле лідэра АГП, прадстаўнікі Кангрэса ЗША адзначылі: "Не чакаецца зменаў у пазіцыі Вашынгтона ў дачыненні да Беларусі. Для ЗША галоўнае — дэмакратыя і захаванне правоў чалавека. І з гэтай пазіцыі Вашынгтон сыходзіць не будзе".
Раніцай 16 красавіка пры перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску "Каменны Лог" А.Казуліну прапанавалі запоўніць дэкларацыю і прайсці дагляд. Актывісту моладзевай апазіцыі Артуру Фінькевічу паставілі ў пашпарт адзнаку «часова невыязны» і адправілі яго на спадарожнай машыне ў Мінск.
"Беларускія памежнікі і мытнікі зрабілі ўсе, каб мы на сустрэчу з кангрэсменамі не паспелі. "На літоўскім баку была чарга з машын гадзіны на дзве. Але літоўскія памежнікі, калі мы ім растлумачылі сітуацыю, прапусцілі нас без чаргі. Толькі дзякуючы гэтаму мы паспелі на гэтую сустрэчу," — растлумачыў Анатоль Лябедзька.
БелаПАН