Арганізатары Дня Волі плануюць шэсце на плошчу Незалежнасці ў Мінску
Акцыя мусіць адбыцца ўвечары 25 сакавіка, на ўгодкі абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Вось што распавёў Еўрарадыё намеснік старшыні руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч:
"Асноўнай тэмай, як і падчас папярэдніх акцый, будзе незалежнасць. У гэтым годзе, на думку сябраў аргкамітэта, тэма акцыі набывае новае гучанне ў сувязі з падзеямі ва Украіне, у сувязі з агрэсіяй з боку Расіі ў дачыненні да нашай суседняй дзяржавы. Беларусы могуць адчуць адгалоскі гэтай агрэсіі. Незалежнасць і Рэспублікі Беларусь знаходзіцца пад пагрозай".
Удзельнікі акцыі збіраюцца выказаць салідарнасць украінскаму народу. Збор удзельнікаў мусіць адбыцца ў аўторак, 25 сакавіка ў 18.00 на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Пасля яны пройдуць шэсцем да плошчы Незалежнасці, дзе ў 19.30 мусіць пачацца мітынг. Калі не будзе дазволены гэты маршрут, звычайна Мінгарвыканкам прапануе іншыя варыянты, якія арганізатары разгледзяць, гаворыць Юрась Губарэвіч.
Аргкамітэт падасць заяўку ў Мінгарвыканкам 7 сакавіка.
Адметнасць сёлетняй акцыі ў тым, што яна пройдзе праз 2 дні пасля завяршэння выбараў у мясцовыя саветы, кажа Губарэвіч.
Нагадаем, у аргкамітэт па правядзенню акцыі ўваходзяць прадстаўнікі Партыі БНФ, руху "За Свабоду", Аб'яднанай грамадзянскай партыі, кампаніі "Гавары праўду", аргкамітэта па стварэнню партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), руху салідарнасці "Разам".
Фота — bymedia.net