Астапенка распавёў, на што пайшлі грошы, у крадзяжы якіх яго падазраюць

Ўладзімір Астапенка / minsknews.by​
Ўладзімір Астапенка / minsknews.by​

Грошы, якія сталі падставай для крымінальнай справы ў дачыненні да былога амбасадара Беларусі ў Аргенціне Ўладзіміра Астапенкі, былі выдаткаваныя на авіябілеты. 23 кастрычніка — праз месяц пасля прашэння аб адстаўцы — Астапенка атрымаў указанне з МЗС адкамандзіравацца ў Мінск.

"У той момант я быў яшчэ пры пасадзе, выконваў абавязкі амбасадара. У поўнай адпаведнасці з інструкцыямі МЗС па маім указанні пасольства набыло квіткі па самым мінімальным кошце, эканомячы бюджэтныя сродкі, як інструкцыя і загадвае", распавёў ён парталу TUT.BY.

Амбасада купіла тры білета — для самога дыпламата, яго жонкі і дзіцяці. Пры гэтым Астапенка падкрэслівае, што паводле інструкцыі МЗС ён меў права на перавоз вялікага багажу, а гэта магло быць яшчэ плюс 2 400 даляраў, але ён гэтым правам у поўным аб'ёме не скарыстаўся. Даплата за багаж склала 300 даляраў.

"Разам з квіткамі выйшла 2300 даляраў. Трэці элемент у гэтай схеме — сутачныя ў памеры 50 даляраў, а чацвёрты — гэта пасольства палічыла кошт праезду двух службовых аўтамабіляў у аэрапорт і назад", — тлумачыць былы амбасадар.

Ляцець павінны былі праз Парыж у Мінск. Але Астапенка змяніў маршрут, і з Парыжа замест Мінска паляцеў у Варшаву. Там ён паведаміў МЗС, што да Мінска будзе дабірацца самастойна. Кошт квіткоў яго пры гэтым скараціўся на 180 даляраў.

"І гэтыя грошы трэвел-агенцтва вярнула ў амбасаду, гэта значыць бюджэт быў зэканомлены", — падкрэсліў Астапенка.

Паколькі ў Мінск экс-амбасадар так і не даехаў, МЗС запатрабаваў ад яго вярнуць выдаткаваныя на дарогу грошы.

"МЗС заявіў мне, што я нібыта выкарыстаў гэтыя грошы ў асабістых мэтах. Але я лічу, што выкарыстаў іх у адпаведнасці з інструкцыяй — для адкамандзіравання. Я прапанаваў МЗС вырашыць гэтае пытанне ў судзе, але там не захацелі", — сказаў былы амбасадар.

Напярэдадні Генеральная пракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да Уладзіміра Астапенкі. Было "устаноўлена, што падазраваны шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі завалодаў 2393 далярамі ЗША, ( ... ) якія выкарыстаў у асабістых мэтах".

У дзень "таямнічай" інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі 23 верасня Ўладзімір Астапенка падаў у адстаўку, але, па яго словах, "ніякай рэакцыі на гэта не атрымаў". Тады ён адклікаў першае прашэнне і напісаў другое —  з просьбай вызваліць яго ад пасады ў сувязі з парушэннямі заканадаўства, якія дапусціў наймальнік. У выніку ён быў звольнены ў пачатку лістапада за "правіну, несумяшчальны са знаходжаннем на дыпламатычнай службе". Астапенка з такім становішчам спраў не пагадзіўся і падаў у суд на МЗС з патрабаваннем змяніць у загадзе аб яго звальненні фармулёўку прычыны звальнення.

 

Уладзімір Астапенка — выпускнік МДІМА, з'яўляецца адным з самых дасведчанных беларускіх дыпламатаў. У беларускім МЗС з 1985 года. У пачатку 90-х быў намеснікам міністра замежных спраў, працаваў у місіях у Нідэрландах, Бельгіі, на Кубе. У пачатку нулявых сыходзіў з МЗС, быў прарэктарам па міжнародных справах у БДУ пры Аляксандры Казуліне. З 2018 узначальваў пасольства ў Аргенціне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі