Астаповіч: Я скардзіўся на Мясніковіча, дык чаму не пісаць на АГП і БНФ?
Кіраўнік Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры напісаў скаргі на дзве апазіцыйныя партыі.
Антон Астаповіч паскардзіўся ў Камітэт дзяржкантролю на Партыю БНФ і Аб'яднаную грамадзянскую партыю. Апазіцыйныя структуры не адказвалі на зварот таварыства аховы помнікаў у належны час. Страціўшы надзею атрымаць адказ на свае запыты, Астаповіч падаў скаргу ў КДК.
Абаронца помнікаў кажа, што не баіцца нараканняў, быццам ён падстаўляе апазіцыйныя партыі.
Астаповіч: "Прабачце, мне ж не на каленях стаяць перад кіраўніцтвам АГП і БНФ! Ёсць законныя механізмы. І калі закон ігнаруецца з боку дэмакратычных структур (а дэмакратыя — гэта ў першую чаргу вяршэнства закону!), то што гаварыць пра сутнасць гэтых структур?! Якое маральнае права ў іх на мяне наязджаць у такім выпадку? Гэта першае. Па-другое, я не толькі на іх звяртаюся... У мінулым годзе, напрыклад, я такое ж пісаў і на Мясніковіча, і на Латушку, таму што своечасова не адказвалі. У гэтым годзе, напрыеклад, я скаргу пісаў на Філарэта".
Астаповіч кажа, што скаргі ў КДК даюць добры вынік. І вельмі хутка прыходзяць адказы па сутнасці, і вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці. На думку Астаповіча, гэта вельмі эфектыўны інструмент, якім незаслужана рэдка карыстаюцца беларускія апазіцыйныя структуры.