Бабруйскія чыноўнікі бралі хабар, у кабінеце аднаго з іх знайшлі грошы
Распачатая крымінальная справа, чыноўнікі затрыманыя.
Крымінальную справу па артыкуле "атрыманне хабару па папярэдняй змове" распачалі супраць некалькіх чыноўнікаў Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта. Паводле матэрыялаў, якія сабралі УКДБ па Магілёўскай вобласці і аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Бабруйскага гарвыканкама, злачынства адбылося ў перыяд з кастрычніка 2013-га да лістапада 2014 года.
Службовыя асобы атрымлівалі грашовыя ўзнагароджанні за станоўчае вырашэнне пытання аб непрыцягненні дырэктара аднаго з прыватных прадпрыемстваў да адміністрацыйнай адказнасці. Яго вінавацілі ў парушэнні заканадаўства аб гандлю. Такім чынам, падазраваныя атрымалі 2400 долараў ЗША.
У рабочым кабінеце аднаго з чыноўнікаў правялі ператрус, знайшлі і забралі грошы, дакументы, нататнікі. Прызначаныя экспертызы.
Прэс-служба Следчага камітэта адзначае, што падазраваныя знаходзяцца пад вартай. Колькі іх, не паведамляецца.
Фота — Fotolia