“Баец у вышыванцы” перамог на сусветнай Універсіядзе ў Тайландзе
Да паясоў і медалёў чэмпіёна свету мінскі тайбаксёр дадаў тытул наймацнейшага студэнта планеты.
У аўторак 24-га сакавіка зборная Беларусі сярод студэнтаў па муай-тай прыляцела з сусветнай Універсіяды, якая з помпай праходзіла ў Тайландзе. Наша каманда атрымала тры медалі — залаты, срэбраны і бронзавы.
Пераможцам у вазе 81 кг прадказальна стаў Дзмітрый Валент (клуб “Кік-файтэр”, Мінск). У першым двубоі ён накаўтаваў тайца — гаспадара спаборніцтваў. Потым датэрмінова перамог ліванца, расправіўся з палякам і ў фінале — з мараканцам.
Нагадаем, Валент — гэта той самы баец, які летась увосень на адным з прафесійных турніраў выйшаў у рынг у беларускай вышыванцы. Тады, нягледзячы на цяжкае рассячэнне, наш баец трыумфальна зрубіў тайскага апанента ў другім раўндзе.
Што тычыцца сусветнай Універсіяды, то апроч Валента з беларусаў на п’едэстал падняліся Пятро Раманкевіч (клуб “Патрыёт”, Мінск, срэбраны медаль), і Алена Мішчук (“СДЮШАР Прафсаюзаў”, Мінск, бронзавы медаль).
Усе трое байцоў могуць узяць удзел у чэмпіянаце Беларусі, які пройдзе ў Мінску з 26 па 29 сакавіка.