Банк пра крэдыт: Цяжка назваць працэнтную стаўку, спачатку 0,1%, пасля — 60
Пра забарону дадатковых камісій па крэдытах у Нацбанку кажуць 2,5 гады таму, але банкі бяруць паўмільёна за выдачу наяўных і 750 тысяч за налічэнне.
“З умоў крэдытнай дамовы выключаныя камісійныя плацяжы. Пазычальнік будзе выплачваць толькі працэнтную стаўку”, — перадае словы старшыні Нацбанка Надзеі Ермаковай 2,5 гады таму Белгазета.
“Пры выдачы крэдыту вылічваецца 5% ад сумы, астатняе выдаецца на рукі”, — апісваюць умовы крэдыта “Святочны” ад Франсабанка пад 25% гадавых.
Значыць, калі бярэш 10 мільёнаў на паўгода плаціш 500 тысяч банку. Чым не дадатковая камісія…
"Ідэябанк" дае грошы на паўгода пад 0,1% гадавых! Але толькі ў першы месяц, пасля працэнтная стаўка расце да 40%, а пазней наогул да 60%. А за налічэнне 10 мільёнаў у крэдыт банк бярэ камісію ў 749 тысяч.
“На карту вам будзе залічана 9 мільёнаў 251 тысяча, бо будзе спаганяцца адзінаразовая камісія за налічэнне грошаў на рахунак”, — апісваюць у банку.
І не могуць падлічыць сярэдні адсотак гадавой стаўкі, бо “працэнты налічваюцца на рэшту доўга”. Вось такая празрыстая палітыка крэдытавання.
Грошы пад 20,15% гадавых прапануе "Хоум крэдыт банк". Выгадна, пакуль не ведаеш пра дадатковыя плацяжы, пра адмену якіх заяўляла старшыня Нацбанка.
“Штомесячная аплата 1,5% ад сумы крэдыту, гэтая сума будзе уключаная ў вашу штомесячную аплату. Калі вы бярэце 5 мільёнаў на год на рукі, то бярэцца плата — 9% за атрыманне сродкаў”, — тлумачаць у банку.
Пераплата па крэдыце — 1,8 мільёна за год. Бярэш 5, аддаеш амаль 7.
Але “чэмпіён” у крэдытаванні, як раней паведамляла Еўрарадыё, — “Дельта банк”, які дае “выдатныя грошы” пад 19,9% гадавых, якія растуць да 160%, калі адмовіцца ад страхоўкі. Плата за карыстанне паслугамі тут 119 тысяч на месяц.
Камісія за налічэнне сродкаў, камісія за знаццё сродкаў, страхоўка, пералічвае дадатковыя плацяжы, якія выстаўляюць банкі па крэдытах Наталля Хоміч, кіраўнік службы фінансавай аналітыкі infobank.by.
“З таго часу, калі Нацбанк устанавіў для банкаў максімальную стаўку па працэнтах у памеры двайной стаўкі рэфінансавання, з’явілася шмат дадатковых плацяжоў. Напрыклад, страхуюць не толькі жыццё крэдытаатрымальніка, але і картку. Бяруць плату за абслугоўванне крэдыту. Гэта можа быць і 700 тысяч. Трэба ўважліва чытаць крэдытную дамову. Банкі не лічаць гэта парушэннем закона. Паводле іх, платы і страхоўка не адносяцца да забароны Нацбанка на камісіі”.
Нацбанк, куды звярнулася Еўрарадыё, пакуль паведаміў толькі пра рэкамендацыі для банкаў “Забяспечыць раскрыццё поўнай і дакладнай інфармацыі аб умовах крэдытавання, у тым ліку, па дадатковых паслугах. Выключыць практыку навязвання страхавых і іншых паслуг пры заключэнні крэдытных дагавораў”.
Фота: nord-news.ru