Баранавіцкага актывіста аштрафавалі за перадвыбарчы пікет у падтрымку Караткевіч
У Баранавічах мясцовы суд 28 кастрычніка аштрафаваў актывіста Рыгора Грыка на 5,4 мільёна рублёў (30 базавых велічыняў). Як піша мясцовае выданне "Intex-press", актывіст сваю віну не прызнаў і збіраецца абскардзіць рашэнне суда.
У судзе разглядаліся два эпізоды. 27 верасня Грык праводзіў пікет у падтрымку тагачаснай кандыдаткі ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч. Суд абвінаваціў актывіста ў тым, што ён не атрымаў дазвол на правядзенне пікету. Сам жа актывіст, як і яго адвакат, нагадваюць, што ў краіне на час перадвыбарнай гонкі дзейнічае не заяўны, а паведамляльны спосаб арганізацыі мерапрыемстваў. Гэта значыць, што для перадвыбарнай акцыі было дастаткова апавясціць выканкам аб яе правядзенні.
Па словах Грыка, працу з дакументамі на пікет узяў на сябе Ігар Маслоўскі — давераная асоба Таццяны Караткевіч. І Маслоўскі адправіў у выканкам апавяшчэнне, што пікет будзе праведзены. Аднак суд не ўзяў пад увагу ніякія довады і аштрафаваў Грыка.
Таксама Грыка аштрафавалі за перформанс 24 верасня. Тады актывіст прыйшоў на працу ў паласатай робе, быццам вязень у лагеры. Так Грык хацеў прыцягнуць увагу кіраўніцтва да таго, што ўжо два гады яму не выдаюць спецвопратку. На працы праз гэта пачаўся канфлікт, пасля якога актывіста абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.
Фота: intex-press.by