Дэлегат УЕФА прымусіў "Шахцёр" перад матчам з БАТЭ "пастрыгчы" стадыён
Сёння вырашыцца далейшы лёс барысаўчан у сёлетнім розыгрышы Лігі чэмпіёнаў.
Матч у Карагандзе, дзе БАТЭ згуляе з мясцовым “Шахцёрам”, пачнецца ў 16.30 і будзе паказаны ў прамым эфіры тэлеканала “Беларусь 2”.
У першай сустрэчы, якая прайшла тыдзень таму, барысаўчане нечакана саступілі з лікам 0:1. Зараз ім трэба перамагаць у гасцях. Толькі ў такім выпадку БАТЭ зможа працягнуць выступленне ў самым прэстыжным футбольным турніры свету.
Букмекеры і футбольныя спецыялісты аддаюць перавагу барысаўчанам, аднак футбалісты беларускай каманды ў перадматчавых выказваннях былі стрыманымі. А трэнер каманды Віктар Ганчарэнка ў размове з журналістамі прызнаў, што каманда знаходзіцца пад вялікім ціскам.
Тым часам матч ужо абрастае кур'ёзамі. Так, беларускіх футбалістаў засмуціла нечакана высокая трава на карагандзінскім стадыёне - яна значна затармажвае мяч падчас гульні. Справу выратаваў дэлегат УЕФА, які змусіў казахаў "падстрыгчы" газон да прымальнага узроўню.