Беларусь хоча роўнасці пры вызначэнні тарыфаў на транспартаванне газу ў ЕАЭС
Беларусь выступае за ўжыванне адзіных падыходаў пры вызначэнні тарыфаў на транспартаванне газу ў рамках ЕАЭС. Пра гэта міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч распавёў карэспандэнту БЕЛТА на палях пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета.
Па словах Каранкевіча, гэта адзінае неўрэгуляванае пытанне ў праграме фармавання агульнага рынку газу ў ЕАЭС. "Пазіцыя беларускага боку была пазначаная: тарыфы на транспартаванне газу па тэрыторыі саюза для краін-удзельніц павінны быць не вышэй, чым тарыфы для суб'ектаў ўнутраных рынкаў", — патлумачыў Каранкевіч.
Ён нагадаў, што такія ж умовы прадугледжаныя пры фармаванні агульных рынкаў электраэнергіі, нафты і нафтапрадуктаў, а таксама чыгуначных перавозак. Міністр дадаў, што гэтае пытанне будуць абмяркоўваць кіраўнікі ўрадаў ЕАЭС на пасяджэнні ў Мінску.
Агульны рынак газу ў ЕАЭС павінен запрацаваць з 1 студзеня 2025 года.