Беларусь і Аўстрыя дамовіліся пра ўмовы аздараўлення беларускіх дзяцей

Беларусь і Аўстрыя заключылі міжурадавае пагадненне аб умовах аздараўлення непаўналетніх беларускіх грамадзян у Аўстрыйскай Рэспубліцы.  Як паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў нашай краіны, "пагадненне...  утрымлівае неабходныя гарантыі аўстрыйскага боку па стварэнні належных умоў знаходжання і своечасовым вяртанні на радзіму непаўналетніх беларускіх грамадзян і стварае аснову для далейшага развіцця гуманітарных праграм".

БелаПАН нагадвае, што праграмы аздараўлення беларускіх дзяцей за мяжой былі прыпыненыя пасля таго, як у жніўні 2008 года 16-гадовая Таццяна Казыра адмовілася вярнуцца ў Беларусь з ЗША, дзе праводзіла летнія вакацыі. Дзяўчына падала дакументы на прадаўжэнне візы ў іміграцыйную службу ЗША, але ў лістападзе змяніла рашэнне і вярнулася на радзіму.

У адпаведнасці з указам кіраўніка Беларусі выезд беларускіх дзяцей на аздараўленне дазволены толькі ў тыя краіны, з якімі ў нашай краіны падпісаны адпаведныя міжурадавыя пагадненні. Такія дамовы Беларусь падпісала з Італіяй, Нямеччынай, Ірландыяй, Нідэрландамі, Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Ліхтэнштэйнам і Іспаніяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі