Беларусь прайграла Украіне ў адборачным матчы да Еўра-2016
Футбольная зборная Беларусі прайграла Украіне адборачны матч да чэмпіянату Еўропы па футболе-2016. Гульня прайшла 5 верасня ў Львове і скончылася з лікам 3:1 на карысць гаспадароў.
Вынік сустрэчы быў фактычна перадвырашаны ў першым тайме, калі ўкраінцы забілі тройчы і пры гэтым утрымалі сваю браму “сухой”. Яны дамінавалі на полі і амаль нічога не дазволілі стварыць у атацы беларусам. У другім тайме Сяргей Карніленка на 61-й хвіліне рэалізаваў пенальці. У далейшым лік ужо не змяніўся.
Беларусы гулялі ў наступным складзе: Гарбуноў — Шытаў, Мартыновіч (к), Філіпенка, М.Валадзько — Маеўскі, Сівакоў (Гардзяйчук, 46) — Калачоў (Сігневіч, 72), Глеб (Брэсан, 86), Стасевіч — Карніленка.
8 верасня зборная Беларусі прыме на “Барысаў-Арэне” зборную Люксембурга, але гэтая гульня ўжо не дапаможа ім у барацьбе за 3-е месца ў групе.
Фота: Reuters