Беларусам дазволілі вяртаць тавар у крамы цягам двух тыдняў

Але праз гэта пакупнікі рызыкуюць пазбавіцца гарантыі. Калі вы хочаце мець магчымасць здаць тэлевізар альбо пральную машыну ў краму на працягу 14 дзён пасля пакупкі, вы рызыкуеце набыць тавар з ужо скончаным тэрмінам гарантыі.

16 студзеня быў прыняты новы закон “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Раней у пакупнікоў было права на замену пакупкі аналагічным таварам. А новы закон прадугледжвае вяртанне тавару на працягу 14 дзён пасля яго набыцця. Беларусы пачулі, што вярнуць тавар можна, і рынуліся здаваць лішнюю тэхніку, якую ў паніцы купілі адразу пасля Новага году. Аднак яны не заўважылі маленькую дэталь – спіс тавараў, якія не падлягаюць звароту і абмену. Гаворыць старшыня “Таварыства абароны спажыўцоў” Ганна Суша:

“Ідзе пералік тавараў, якія нельга абмяняць на працягу 14 дзён. У тым ліку і складанатэхнічныя тавары. Акрамя таго, нельга абмяняць расліны, кветкі, бялізну, метражныя тканіны – усё, што мае гарантыйны тэрмін. Гэта ўсё: і камп’ютэры, і нават чайнік, і пральныя машыны, і аўтамабілі”.

Тэлефанаванні не давалі спакою “Таварыству абароны спажыўцоў”. Ды дзе там, але не тое.

Ганна Суша: “Было шмат. Зараз ужо прайшло гэтых 14 дзён. Пакупнікі чулі, што ёсць 14 дзён, яны якраз і тэлефанавалі. Яны скардзіліся сюды, што, маўляў, а мне сказалі. Ну, даводзілася адказваць, што вам правільна сказалі”.

Пакупнікі, што не ведаюць закону, былі заўсёды, расказалі Еўрарадыё ў краме бытавой тэхнікі “Пяты элемент”:

“І да гэтага былі такія выпадкі, калі людзі не ў курсе. І па радыё, і па тэлебачанні сцвярджаюць аб тым, што на працягу 14 дзён чалавек мае права вярнуць тавар. А пра тое, што існуе пералік дабраякасных тавараў, якія не падлягаюць абмену, і згодна з гэтым пералікам, у прыватнасці тэхніка з гарантыйным талонам з пячаткай пра дату продажу, не падлягае абмену і звароту, такія людзі як былі да Новага года, так і застаюцца. Таму не магу сказаць, што людзі пасля Новага года набралі, а зараз прыходзяць і вяртаюць гэты тавар павальна, не”.

Вярнуць тавар з пераліку тых, якія не падлягаюць вяртанню, усё ж можна. Але толькі ў выпадку, калі ў краме па вашай просьбе на пашпарт тавару не паставяць адзнаку аб пакупцы. Не паставілі адзнаку – значыць, і гарантыя дзейнічае не з даты набыцця, а з моманту вытворчасці. Пра гэта Еўрарадыё расказала Ганна Суша:

“Калі не стаіць адзнака аб продажы, то тады тэрмін гарантыі пачынаецца з моманту вытворчасці”.

Такім чынам, тэарэтычна вы можаце набыць тавар са скончанай гарантыяй. Асабліва, калі гэта тавар, які заляжаўся на складзе. А такія часта прадаюцца па зніжках. Праўда, бліжэйшым часам зніжак чакаць не варта, расказалі Еўрарадыё ў гандлёвым доме “Гарызонт”.

Аднак Еўрарадыё даведалася, што здаць непашкоджаны тавар, які вам не спадабаўся, усё ж можна паспрабаваць праз гарантыйную майстэрню. Пра гэта нам расказала таваразнаўца ГУМу, у якой мы прасілі прыняць назад тэлевізар.

ГУМ: “Складанатэхнічны тавар абмену не падлягае. Толькі калі ён бракаваны. Гэта ж не звычайны тавар. Як мы прадамо тавар з адзначаным пашпартам? Куды нам – на страты гэты тэлевізар? Мы яго не прадамо! Гэта толькі калі праз гарантыйную майстэрню. Калі яны вам выпішуць даведку, тады на падставе даведкі мы зможам вам выплаціць. Хай яны штосьці выпішуць, нейкую квітанцыю, каб мы маглі вярнуць на завод. У нас ніколі такога пытання не было”.

Таму паспрабаваць абысці закон усё ж можна. Але для гэтага, відаць, давядзецца абысці шмат інстанцыяў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі