Беларусам пакажуць арыгінал пражскай "Бібліі" Скарыны

Беларусам пакажуць арыгінал пражскай "Бібліі" Скарыны

Сёлета адзначаюць 500 гадоў беларускага кнігадрукавання: роўна паўтысячагоддзя таму Францыск Скарына пачаў друкаваць "Біблію". 
 
7 верасня ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску адчыніцца выстава "Беларусь: адраджэнне духоўнасці".

Разам з Нацыянальным гістарычным музеем у праекце прымаюць удзел Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Музей Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, Музей старажытнабеларускай культуры ацыянальнай акадэміі навук. 

Акрамя таго, паўдзельнічае ў выставе Дзяржаўны гістарычны музей Масквы. Менавіта ён ахвяраваў для выставы ўнікальнае пражскае выданне "Бібліі" Францішка Скарыны 1517 года. У Беларусі гэтага выдання, на жаль няма. Расійскія калегі дазволілі не толькі выставіць рарытэт, але і адсканаваць яго асобныя старонкі. Таму наведвальнікі змогуць "пагартаць" Біблію з дапамогай сучасных лічбавых тэхналогій.

Выстава пазнаёміць з гісторыяй узнікнення і функцыянавання рэлігій на тэрыторыі Беларусі ад часоў паганства. У экспазіцыю ўвойдуць больш за 400 помнікаў гісторыі і культуры, прычым многія з іх будуць экспанавацца ўпершыню: пячатка Еўфрасінні Полацкай ХІІ ст., фрэскі Праабражэнскай царквы Спаскага манастыра ў Полацку 19 ст., унікальная калекцыя срэбраных кідушных куфляў, алтарны каталіцкі жывапіс ды інш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі