Беларусаў навучаць прымяняць ядзерныя боепрыпасы на расійскіх "Іскандэрах"
Беларускія ракетчыкі адпраўляюцца ў Расію / прэс-служба Мінабароны
У Расію для практычнай падрыхтоўкі адправіліся беларускія разлікі аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу "Іскандэр-М" ракетных войскаў Узброеных сіл Беларусі, паведамляе Мінабароны.
Яны пройдуць поўны цыкл навучання на адным з расійскіх палігонаў. Асноўнымі пытаннямі для вывучэння будзе "ўдасканаленне практычных навыкаў у падрыхтоўцы ракетнага комплексу да ўжывання, трэніроўцы ў яго разгортванні, а таксама правядзенне вучэбна-баявых пускаў".
Паведамляецца таксама, што беларускія вайскоўцы будуць дэталёва вывучаць "пытанні ўтрымання і прымяненне тактычных ядзерных боепрыпасаў АТРК "Іскандэр-М".
Раней Уладзімір Пуцін заяўляў, што тактычная ядзерная зброя будзе ўведзеная ў Беларусь, але не перададзеная ёй. Дыпламаты Расіі і Беларусі ў ААН казалі, што кантроль над расійскай зброяй будзе ў Масквы.
Тым не менш, Аляксандр Лукашэнка ў сваім пасланні парламенту і народу заявіў, што Беларусь таксама будзе мець кантроль над ядзернай зброяй на сваёй тэрыторыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.