Беларускі кікбаксёр у Санкт-Пецярбургу збіў дзяўчыну за адмову варыць суп
На беларускага кікбаксёра Віталя Круталевіча, які жыве ў Санкт-Пецярбургу, пачалі крымінальную справу за наўмыснае прычыненне шкоды здароўю, піша ridus.ru.
Яго дзяўчына Наста звярнулася ў міліцыю з заявай. Яна распавяла, што раптоўны канфлікт пачаўся пасля таго, як пасля прачынання Віталь запатрабаваў ад яе зварыць яму суп.
"Я сказала, што я толькі прачнулася і цяпер не буду гатаваць, на што ён адказаў, што мяне прымусiць, і адцягнуў за валасы на кухню. Адбылася ўспышка агрэсіі, і першым жа ударам ён нанёс мне тры пераломы на твары. Пасля былі яшчэ ўдары, але я ўжо знаходзілася ў шокавым стане", — падзялілася падрабязнасцямі дзяўчына.
У сацсетках ёсць і аўдыязапіс выказванняў самага Круталевіча на адрас дзяўчыны. Хлопец з матамі заяўляе пра справядлівасць свайго патрабавання, бо ў яго спартыўны рэжым.
Круталевіч — ураджэнец Магілёва. Ён рэгулярна ўдзельнічае ў беларускіх спаборніцтвах па кікбоксінгу і тайскім боксе. Круталевіч — двухразовы пераможца першынства Беларусі па кікбоксінгу, выходзіў у фіналы Кубкаў свету і СНД.