Беларускія і ўкраінскія памежнікі не выявілі кантрабанды зброі паміж краінамі
Беларускія і ўкраінскія памежнікі не выявілі арганізаваных каналаў кантрабанднай пастаўкі зброі паміж краінамі. Гэта было агучана на працоўнай сустрэчы галоўных памежных упаўнаважаных Рэспублікі Беларусь і Украіны. Яна адбылася 23 кастрычніка ў Камянюках на Брэстчыне, паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта.
На сустрэчы абмяркоўваліся вынікі аховы сумеснага ўчастка дзяржаўнай мяжы за дзевяць месяцаў 2018 года. Памежнікі Беларусі і Украіны адзначылі, што не было выяўлена арганізаваных каналаў кантрабанды зброі, боепрыпасаў, выбуховых ды іншых небяспечных рэчываў. Аданк яны дамовіліся працягваць каардынаваць свае дзеянні па спыненні такой пагрозы.
Як паведамляла Еўрарадыё, 24 верасня Аляксандр Лукашэнка заклікаў умацаваць мяжу з Украінай, бо адтуль ідуць кантрабандныя пастаўкі зброі. Пазней пра незаконны ўвоз зброі з Украіны ў Беларусь паведаміў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась.
Разам з тым падчас сустрэчы з былым прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам Лукашэнка заявіў, што кантрабандная зброя з Украіны трапляе ў Беларусь праз Расію.