Беларускія памежнікі ўзмоцняць кантроль чамаданаў на выездзе з краіны

Беларускія памежнікі ўзмоцняць кантроль багажу на выездзе з краіны. Нагодай стаў інцыдэнт, калі грамадзянін Францыі правёз на цягніку праз нашу мяжу сваю расійскую жонку, якая схавалася ў чамадане. “Кантрабанду” выявілі толькі польскія памежнікі ў Цярэспалі. Як высветлілася, у жанчыны не было Шэнгенскай візы, таму муж вырашыў правезці яе нелегальна. За спробу незаконнага перасячэння мяжы сямейнай пары пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Каментуючы здарэнне, старшыня прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка заўважыў, што памежнікі любой краіны больш пільна працуюць на ўезд грамадзян, а не на выезд за мяжу. Таму беларускія памежнікі і не заўважылі чамадан з чалавекам.

Цішчанка: “Але гэта нагода нам працаваць больш пільна і на выезд. Гэта як з тайнікамі ў аўто: любы новы тайнік заносіцца ў нашу базу і потым гэтым тайнікам надаюцца больш увагі. Значыць зараз будзем правяраць пільней і чамаданы, — сказаў Аляксандр Цішчанка. — Па гэтым выпадку і наступствах яшчэ будзем разбірацца, я не маю падрабязнасцей”.

Старшыня прэс-службы заўважыў, што такіх спосабаў перасячэння мяжы ён не ўзгадае.

“Здаецца ў мінулым ці пазамінулым годзе былі выпадкі, калі в’етнамцы спрабавалі перасякаць мяжу на калёсных парах пад грузавікамі, спрабавалі праязджаць у багажніках, але не ўзгадаю, каб нехта ехаў у чамадане. Здаецца, такія выпадкі былі ў Венгрыі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі