Беларускія шпалеры і шкло пойдуць у Скандынавію

"Гомельшпалеры" і гута "Нёман" будуць экспартаваць прадукцыю ў Швецыю, Данію, Нарвегію і Фінляндыю. Як паведаміў БелаПАН начальнік упраўлення продажаў ААТ "Гомельшпалеры" Вячаслаў Хількевіч, 23 студзеня прадпрыемства падпісала кантракт са шведскай кампаніяй S.A. Trading & Technik (Стакгольм) на пастаўку партыі шпалер усяго асартыменту — ад папяровых да вінілавых. Гэтая гуртовая фірма мае намер надалей стаць прадстаўніком беларускіх прадпрыемстваў "Гомельшпалеры" і "Нёман" у краінах Скандынавіі.

"Спробная пастаўка будзе ў лютым, пакуль гаворка ідзе пра 40-50 тыс. долараў. Але плануем, што пры спрыяльнай сітуацыі на рынку экспарт у скандынаўскія краіны значна ўзрасце", — сказаў В.Хількевіч. Ён зазначыў, што ў сучасных умовах да прадпрыемства ўзнікла таксама цікавасць у Балгарыі, Польшчы, Францыі. "Дарагая прадукцыя ў Еўропе перастала прадавацца - можна зрабіць такую, магчыма, паспешлівую выснову. У Швецыі рулон шпалераў каштуе ў сярэднім 23 еўра, кошт нашых шпалераў — каля 5", — сказаў Хількевіч.

На шклозаводзе "Нёман"паведамілі, што 20 студзеня фірма S.A. Trading & Technik падпісала кантракт аб пастаўках у Швецыю шкла і крышталю. Спробная партыя прадукцыі адправіцца ў гэтую краіну ўжо на наступным тыдні. У аддзеле знешнеэканамічнай дзейнасці гуты выказалі надзею, што Швецыя стане доўгатэрміновым партнёрам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі