Беларускія тавары па-ранейшаму прадаюцца ва ўкраінскіх інтэрнэт-крамах
Банер "Не спансуйце забойства" / business.diia.gov.ua
Інфармацыйную кампанію "DO NOT sponsor murder", закліканую байкатаваць расійскія і беларускія паслугі і прадукцыю, дзяржорганы Украіны запусцілі яшчэ ў сакавіку 2022 года. У ліпені тавары беларускай вытворчасці па-ранейшаму прадаюцца ва Украіне: як мінімум іх можна набыць у інтэрнэт-крамах.
Бытавыя пліты
Бытавыя пліты беларускай вытворчасці можна купіць з дастаўкай або самавывазам. Газавыя і электрапліты CEZARIS гомельскага ААТ "Электраапаратура" ў сярэднім абыдуцца ў 290 долараў.
Халадзільнікі
Халадзільнікі беларускай кампаніі ATLANT таксама цалкам даступныя ва ўкраінскай інтэрнэт-краме. 600–800 долараў — і яны вашыя.
Беларуская аліва для Nissan
Украінская інтэрнэт-крама прапануе маторныя алівы для Nissan, Toyota і іншых аўто. Краінай-вытворцам некаторых аліваў значыцца Беларусь.
Усё для будоўлі
Калі вы задумалі будаўніцтва, то вось вам з Беларусі цэгла пячная "Віцебская". Па 16 грыўняў, але заказ ад 300 штук.
На будоўлі і станок для распілоўвання дрэва спатрэбіцца, таму ў спадарожных таварах можна знайсці агрэгат беларускага завода Белмаш. 680 долараў — і забірайце.
Знойдзецца і беларускі шыфер за 360 грыўняў.
А можа, патрэбныя шыны ад бабруйскай Белшыны? Без праблем, 70 долараў.
Жаночы аддзел
Для ўвільгатнення, умацавання і росту валасоў украінская інтэрнэт-крама прапануе бальзам ад беларускай фірмы Modum. Таксама шырока прадстаўлена лінейка беларускай касметыкі ад кампаніі Bio World.
Беллактаўскія кашы таксама прадаюцца. У аб'яве, якая нам трапілася, пазначана, што яны ўжо канчаюцца ў прадаўца.
Нават сукенкі з Беларусі можна купіць ва ўкраінскай інтэрнэт-краме.
І прасціны ад беларускага вытворцы ў наяўнасці.
Тавары беларускай вытворчасці ўсё ж знікаюць з украінскіх інтэрнэт-крам. Подпіс "Няма ў наяўнасці" суправаджае ўжо нямала прадукцыі з Беларусі. Але пакуль што катэгарычнай забароны на гандаль паміж краінамі няма.
Іншая рэч Расійская Федэрацыя, супраць якой украінскі Кабмін ухваліў поўнае гандлёвае эмбарга як супраць краіны-агрэсара. "У той жа час адкрытым застаецца іншае пытанне: увоз на тэрыторыю Украіны тавараў, якія паходзяць з РФ і не ўключаныя ў пералік пастановы №1147, з мытнай тэрыторыі іншых дзяржаў (напрыклад, Рэспублікі Беларусь). Фармальна такія дзеянні не забароненыя, а значыць, могуць выкарыстоўвацца расійскімі пастаўшчыкамі і іх украінскімі контрагентамі ў абыход забаронаў, усталяваных Урадам па імпарце з Расійскай Федэрацыі", — падкрэсліваюць украінскія эксперты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.