Беларусу, затрыманаму пасля вяртання з Украіны, забаранілі выезд за мяжу

Жыхару Баранавічаў Змітру Палойку забаранілі выезд за мяжу. Маладога чалавека затрымалі на мясцовым вакзале 11 снежня. Ён як раз вярнуўся з Украіны, дзе правёў паўгода. Хлопца абвінавацілі ў дробным хуліганстве і асудзілі на 10 сутак. Днямі ён выйшаў з ізалятара часовага ўтрымання.

Пакуль Зміцер Палойка адбываў адміністрацыйнае пакаранне з'явіліся версіі, што імя актывіста знайшлі ў спісе ўкраінскага батальёна "Данбас". У каментары Еўрарадыё малады чалавек распавёў, што пасля затрымання міліцыянерамі ён меў 3-гадзінную гутарку з двума супрацоўнікамі КДБ. Цікавіліся яны менавіта згаданым спісам.

Палойка: "Супрацоўнікі КДБ мне казалі, што мае прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння супадаюць з тымі, што з'явіліся ў спісах батальёну "Данбас", якія выклалі ў інтэрнеце. Я не ведаю, як мае дадзеныя маглі там з'явіцца... Хто іх, гэтыя спісы, ўвогуле складаў?".

Свой удзел ва ўкраінскім добраахвотніцкім батальёне, як і ўвогуле ў баявых дзеянных на Данбасе, Зміцер Палойка адмаўляе. Па яго словах, ва Украіне ён працаваў слесарам, пазнаёміўся з дзяўчынай Вітай, з якой збіраецца ажаніцца і стала жыць ва Украіне. У Баранавічы ён вярнуўся, каб прадаць сваю квартэру.

Зміцер Палойка дадае, што прыехаць да нявесты ён пакуль не можа, бо яму часова забаранілі выезд з Беларусі:

"Мне паведамілі так, што кіраўнік Брэсцкага абласнога КДБ сваім подпісам забараніў мне выезд за мяжу. Я запытаў, на які тэрмін? Мне адказалі, што да яго асаблівага распараджэння. Паводле дакументаў, якія мне зачыталі, падстава — тое, што я магу выехаць ва Украіну, каб прыняць удзел у баявых дзеяннях".

Пакуль ідзе разбіральніцтва і Зміцер Палойка з'яўляецца "невыязным", ён плануе ўладкавацца на працу ў родным горадзе. Сваё затрыманне, пасля якога адсядзеў 10 сутак, Палойка называе
прэвентыўным. Рашэнне суду ён збіраецца абскардзіць.

Фота Віктара Сырыцы, intex-press.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі