Беларусы цешаць сябе “антыкрызісным” пячэннем, сухарамі і пернікамі

Так мы ўзнагароджваем сябе за зэканомленыя на іншых прадуктах грошы.
У часы крызісу еўрапейцы сталі купляць больш шакаладу, каб пацешыць сябе за тое, што вымушаны эканоміць на іншых рэчах. Еўрарадыё зацікавілася, якімі смачнымі дробязямі радуюць сябе беларусы.

Мы абтэлефанавалі дзясяткі крамаў краіны. Высветлілася, што ў Беларусі значна вырас попыт на пячэнне, сухары, сушкі і пернікі, а таксама семкі.

Крамы не ведаюць дакладна, з чым гэта звязана, і тлумачаць па-рознаму.

“Семак сталі больш прадаваць, але мы матывуем гэта тым, што пазачынялі кіёскі на прыпынках, — тлумачыць супрацоўніца мінскага ўніверсама “Талін”. — Сушкі і сухары сталі купляць таму, што пост – людзі ўсё дыетычнае сталі есці. Не думаю, што гэта з-за крызісу”.

У краме “Нарач” лічаць, што прычынай попыту на сушкі і сухары з’яўляецца пачатак дачнага сезона.

Супрацоўнік супермаркета “Нарач”: “Пачынаюцца дачы, значыць узрастае продаж сухароў, пернікаў, сушак”.

А вось жыхары Гомеля адзначыліся сваёй “багемнасцю”. У горадзе над Сожам сталі часцей купляць зефір і мармелад. Папулярным застаецца і пячэнне.

“Зефір і мармелад таксама ўзраслі, аўсянае пячэнне. На “Слодыч”, напрыклад, павялічыўся аб’ём продажу”, — расказалі нам ва ўніверсаме “Сельмашаўскі”.

Дарэчы на “Слодычы” аператыўна адрэагавалі на патрэбу беларусаў. Намеснік дырэктара па продажы Сяргей Дарожка паведаміў Еўрарадыё, што вытворчасць пячэння у іх павялічылася прыкладна на 20%.

Сяргей Дарожка: “Мы аператыўна рэагуем на тое, што просяць у нас гандаль, пакупнікі. Нам тэлефануюць пакупнікі, пішуць лісты”.

Еўрапейцы цешаць сябе шакаладам, у беларусаў запыты куды меншыя. Традыцыйныя “сухары” зноў ратуюць нас падчас крызісу.

Фота: perly.ru

Чытайце таксама:

Сярэдняя пакупка ў мінскім гіпермаркеце складае ўсяго 11 тысяч

Напалоханыя беларусы за два дні купілі тавараў у 7 разоў больш, чым летась

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі