Беларусы ў Польшчы стралялі па машыне за тое, што яна іх абагнала

Польская паліцыя затрымала беларусаў за страляніну на дарозе / Marcin Bielecki, PAP

Польская паліцыя затрымала беларусаў за страляніну на дарозе / Marcin Bielecki, PAP / PAP

Паліцыя Сопата затрымала двух беларусаў, якіх падазраюць у стральбе па машыне, што іх абагнала. Ім пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі, піша mostmedia.io.

29 жніўня кіроўца аднаго з аўтамабіляў паведаміў, што па ім адкрылі стральбу. Патруль спыніў "Аўдзі", на якую паказаў пацярпелы. У ёй былі два беларусы, якія пражываюць у Гдыні, — 29-гадовы кіроўца і 22-гадовы пасажыр. У аўтамабілі паліцыянты знайшлі пнеўматычную зброю.

Выявілася, што ў Гдыні ў адным напрамку ехалі "Форд" і "Аўдзі". У нейкі момант кіроўца "Форда" пайшоў на абгон. Тады кіроўца "Аўдзі" абагнаў яго і стаў павольна ездзіць перад ім зігзагамі, беспадстаўна тармазіць і нават паспрабаваў выцесніць "Форд" з дарогі.

На адным са скрыжаванняў пасажыр "Аўдзі" высунуўся з акна і двойчы стрэліў у дзверы "Форда" з пнеўматычнай зброі. Пасля гэтага кіроўца "Форда" і звярнуўся ў паліцыю.

Высветлілася, што пасажыра "Аўдзі" сёлета ў траўні ўжо затрымлівалі супрацоўнікі дарожнай паліцыі за парушэнне судовай забароны на кіраванне аўтамабілем. Тады ў яго сліне выявілі амфетамін. Таксама аказалася, што яго шукае пракуратура Катавіцаў.

Пасажыра "Аўдзі" абвінавацілі ў псаванні аўтамабіля, шкода ацэненая ў тры тысячы злотых. 29-гадовага кіроўцу вінавацяць у стварэнні пагрозы бяспецы дарожнага руху і небяспекі для кіроўцы "Форда".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі