Ва Украіне адбыўся вялікі "міністрапад"

Андрэй Сібіга

Андрэй Сібіга / МЗС Украіны

Вялікія змены адбыліся ва ўкраінскім урадзе 5 верасня. Памянялася кіраўніцтва адразу некалькіх міністэрстваў. Самыя гучныя змены — адстаўкі міністра замежных спраў Дзмітрыя Кулебы (пакуль невядома, дзе ён будзе працаваць) і віцэ-прэм'ера Ірыны Верашчук (яна пераходзіць у Офіс прэзідэнта Украіны).

Новым міністрам замежных спраў стаў Андрэй Сібіга. Гэта кадравы дыпламат, быў амбасадарам Украіны ў Турцыі, піша hromadske.ua. З 2021 па 2024 год Сібіга быў намеснікам кіраўніка Офіса прэзідэнта Андрэя Ермака. З 2024-га быў першым намеснікам міністра замежных спраў.

Яшчэ Сібіга запоўніўся рэзкім адказам спікеру венгерскага парламента, які казаў, што ў Зяленскага “ёсць праблема з псіхікай”. Дыпламат тады прыгадаў, што венгры былі саюзнікамі Германіі падчас Другой сусветнай вайны і спалілі вёску на Чарнігаўшчыне разам з тысячамі яе жыхароў.

Міністэрства юстыцыі Украіны ўзначаліла Вольга Стэфанішына. Па сумяшчальніцтве яна застаецца віцэ-прэм'ер — міністрам па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Украіны.

Віцэ-прэм'ерам па аднаўленні Украіны — міністрам развіцця суполак і тэрыторый Украіны Вярхоўная Рада ўзгадніла кандыдатуру Аляксея Кулебы. З 2023-га ён быў намеснікам кіраўніка Офіса прэзідэнта Андрэя Ермака. Да таго ўзначальваў Кіеўскую АВА.

Міністэрства абароны навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў Украіны ўзначаліла Святлана Грынчук. Дагэтуль яна была намесніцай міністра энергетыкі.

Міністрам моладзі і спорту стаў Мацвей Бедны, які да сёння быў выканаўцам абавязкаў міністра.

Кіраваць Мі ністэрствам культуры прызначылі Мікалая Тачыцкага. Раней ён быў консулам, амбасадарам Украіны ў Бельгіі, намеснікам міністра замежных спраў Дзмітрыя Кулебы, намеснікам кіраўніка Офіса прэзідэнта Андрэя Ермака.

Міністрам па справах ветэранаў стала Наталля Калмыкова — дагэтуль намесніца міністра абароны па пытаннях сацыяльнага развіцця.

Міністэрствам па пытаннях стратэгічных галін прамысловасці Украіны будзе кіраваць Герман Смятанін — гендырэктар "Украінскай абароннай прамысловасці".

Міністрам аграрнай палітыкі і харчавання Украіны стаў Віталь Коваль. Перад гэтым яго звольнілі з пасады кіраўніка Фонду дзяржаўнай маёмасці Украіны. Раней ён узначальваў Ровенскую абласную дзяржадміністрацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі