Белстат: Болей за паўсотні беларускіх чыноўнікаў скончылі толькі школу
Белстат апублікаваў звесткі аб узроўні адукацыі беларускіх чыноўнікаў. Паводле статыстыкі, станам на 1 снежня 2017 года ў краіне налічвалася 37 159 дзяржаўных службоўцаў.
Пры гэтым 0,2% чыноўнікаў не маюць ні вышэйшай, ні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Дакладную лічбу назваць складана, паколькі Белстат прыводзіць інфармацыю, акругляючы яе да дзясятых доляў адсотка. Можна меркаваць, што ад 56 да 92 чыноўнікаў маюць за плячыма толькі школу.
Адметна, што некаторым з такіх супрацоўнікаў дазволілі стаць начальнікамі. Паводле звестак Белстата, ад 4 да 8 кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый і іх намеснікаў маюць толькі школьны атэстат, піша “Наша Ніва”.