Без намёкаў. Як беларусы ў эміграцыі жылі са сваімі ўласнымі пашпартамі
Гэта экскурс у сусветную гісторыю. Усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя (ці не)
Зрабіць уласны пашпарт, калі радзіма фактычна знаходзіцца пад акупацыяй? Для беларусаў гэта не навіна. Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” прыгадвае, як БНР стварыла свой дакумент для беларусаў.
Гэта экскурс у сусветную гісторыю. Усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя (ці не).
У пашпарце пазначаліся месца і дата нараджэння, падданства, асаблівыя прыкметы (рост, колер валасоў, вачэй). Пашпарт можна было выкарыстоўваць для паездак за мяжу. Афіцыйныя ўрадавыя асобы БНР мелі дыпламатычныя пашпарты.
Закон аб грамадзянстве Беларускай Народнай Рэспублікі быў прыняты ў снежні 1919 года Радай БНР. Паводле гэтага закона, беларускім грамадзянінам лічылася кожная асоба, якая да 1914 года жыла на тэрыторыі Беларусі і карысталася правам расійскага падданства.
Такіх людзей у беларускае грамадзянства залічвалі аўтаматычна, ім выдавалі нацыянальныя пашпарты. Падвойнае грамадзянства забаранялася і лічылася “дзяржаўнай здрадай”.
Беларусы звярталіся ў Народны сакратарыят БНР з просьбамі выдаць пасведчанне аб месцы жыхарства для нямецкіх уладаў, каб потым дабіцца ад тых дазволу на перамяшчэнне па Беларусі. Такія сведчанні Народны сакратарыят БНР выдаваў у тым ліку жыхарам Вільні, Навагрудскага, Ваўкавыскага, Пружанскага, Лепельскага, Слуцкага, Мінскага і нават Чэрыкаўскага паветаў.
Дзе можна было атрымаць пашпарт БНР?
Першапачаткова пашпарты выдавалі на тэрыторыі Беларусі. Потым — за яе межамі, бо ў канцы 1918-га краіну акупавала Чырвоная армія. Кіраўніцтва БНР з’ехала на Захад: спачатку ў Вільню, потым — у Гродна, пасля чаго — у Каўнас. Тым часам за мяжой пачалі адкрывацца прадстаўніцтвы рэспублікі — у самых розных кутках Еўропы: ад Германіі да Фінляндыі, дзе таксама выдаваліся дакументы.
Колькі ж было выдадзена пашпартоў?
Як пісаў даследчык Сяргей Шупа (у кнізе «Падарожжа ў БНР»), усяго ў розны час надрукавалі 10 тысяч бланкаў для пашпартоў БНР, але няма звестак, колькі з іх выкарысталі для выдачы дакументаў.
Напрыклад, у Адэсе беларускае консульства зарэгістравала каля 16 тысяч грамадзян-беларусаў і выдавала ім пашпарты БНР. Дыпламатычная місія БНР працавала і ў Берліне. Яна атрымала ад нямецкіх уладаў дазвол выдаваць пашпарты грамадзянам Беларусі, а былым ваеннапалонным-беларусам — урадавыя пасведчанні.
Так было выдадзена дзве тысячы пашпартоў. Іх уладальнікі, дарэчы, маглі жыць у краінах Еўропы, атрымаць візу на пераезд у Амерыку ці вярнуцца на радзіму.
Паводле гісторыка Уладзіміра Ляхоўскага, пашпарты БНР выкарыстоўваліся да канца 1920-х гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.