БГК выбыў з гандбольнай Лігі чэмпіёнаў
Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова выбыў з Лігі чэмпіёнаў. 26 сакавіка ў другім матчы 1/8 фіналу турніру ён прайграў польскаму “Віве” з лікам 30:33. Гэтая гульня праходзіла ў Кельцы.
Першы матч “мяшкоўцы” правялі на сваёй пляцоўцы ў Брэсце і таксама саступілі — 28:32. Каб выйсці ў чвэрцьфінал, БГК павінен быў выйграць у “Віве” з розніцай у пяць мячоў, але цягам гульні брэстаўчане толькі двойчы вялі ў ліку з розніцай у адзін мяч. У другой палове гульні палякі зацвердзілі сваю перавагу і перамаглі.
Сёлетні выхад у 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў — першы за ўсю гісторыю БГК. Гэта было галоўнай задачай у турніры на сезон.
29 сакавіка БГК згуляе матч у рамках SEHA-лігі супраць македонскага “Вардара”. З 1 па 3 красавіка брэстаўчане прымуць удзел у “фінале чатырох”, які пройдзе ў харвацкім Вараджыне, інфармуе БелаПАН.