Бізнес-супольнасць Беларусі выступае супраць пастановы Саўміна № 666
Бізнес-супольнасць Беларусі вельмі негатыўна ўспрыняла пастанову Савета міністраў № 666 "Аб увядзенні дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызы на ўвазныя тавары". Яна будзе звяртацца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай адмяніць гэты дакумент. Пра гэта заявіў 4 верасня ў Мінску старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін, інфармуе БелаПАН.
Згаданая пастанова Саўміна набыла моц у канцы жніўня. Пад патрабаванні аб правядзенні экспертызы падпадаюць імпартныя вырабы лёгкай прамысловасці, бытавая тэхніка, прадукты харчавання, тавары для дзяцей, бытавая хімія і многае іншае.
Карагін адзначае, што "прыняцце гэтага дакумента груба парушае дырэктыву прэзідэнта № 4 у плане таго, што з праектам гэтага дакумента не была азнаёмлена дзелавая супольнасць". Ён параўноўвае пастанову з "дыверсіяй", паколькі яна нанясе вялікую шкоду эканоміцы.
"Не паступяць сродкі прынамсі месяц, калі яно не будзе адменена, многія прадпрыемствы зведаюць вялікія страты, будзе падарваны наш маральны аўтарытэт, дзелавая рэпутацыя краіны", — сказаў Уладзімір Карагін.
Тым часам на сайце БЕЛТА з'явілася тлумачэнне начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Юрыя Фёдарава. Асноўны пасыл — мера апраўданая, але ў будучыні пералік тавараў, якія трапляюць пад экспертызу, могуць скараціць.
На здымку знізу — Уладзімір Карагін. Фота: Fotolia i БЕЛТА